Беларуская Каардынацыйная рада плануе пашырацца
Беларуская Каардынацыйная рада плануе пашырацца. Новую рэформу аб’яднання прэзентавалі яго чальцы Вольга Кавалькова і Валер Міцкевіч у Варшаве.

Цяпер у новы склад Рады ўвойдзе 115 чальцоў. Сярод іх – 25 цяперашніх актыўных удзельнікаў аб’яднання. Да іх далучацца 75 новых дэлегатаў ад структур дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, а таксама 15 чалавек – „выбітных дзеячаў, якія прайшлі працэдуру для свабодна вылучаных кандыдатаў”. Пры гэтым прапаноўваць дэлегата ў КР можа незалежная арганізацыя, супольнасць ці ініцыятыва, звязаная з Беларуссю.
На што паўплывае новая рэформа на практыцы, распавяла палітык, чалец Каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова:
– Калі мы не развіваем дыскусію, калі мы не развіваем пляцоўкі, у якіх ёсць магчымасць людзям прадстаўляць сваё меркаванне, дыскутаваць адзін з адным, шукаць кансэнсусу, то мы не прыходзім да дэмакратыі. Калі мы зможам гэты час, паколькі змены ў нас у Беларусі пакуль што не адбываюцца так хутка, як нам хацелася б, скарыстаць для таго, каб працаваць самім у такіх мадэлях, і гэта можа прывесці нас хутчэй да таго, што мы будзем разумець, што такое парламентарызм, што такое плюралізм і ўвогуле што такое дэмакратыя, калі пабудуем гэтыя працэсы ўнутры нашай супольнасці.
Падрабязней пра тое, як стаць чальцом Каардынацыйнай Рады, можна даведацца на сайце аб’яднання, па спасылцы.
Нагадаем, Каардынацыйная Рада была створаная 2 гады таму, каб арганізаваць працэс пераадолення палітычнага крызісу.



Беларускае Радыё Рацыя
Array