Гісторыя незалежнай журналістыкі ў чатырох дакументальных фільмах
Гэта праект беларускага прэс-клубу: Belarus Media Stories – гісторыі незалежных СМІ. Выйшла першая серыя, якая называецца – «Незалежныя радыё і тэлебачанне», яшчэ – плануецца тры. Пра друкаваныя выданні, інтэрнэт свет і асобна – аб выданнях, якія ствараў Пётр Марцаў, беларускі медыя-менеджар, журналіст, выдавец, прадпрымальнік.
Знаёміць з праектам Надзея Белахвосцік, якая сярод аўтараў.
– Другая серыя прысвечана, як мы назвалі, планеце Пятра Марцава. Яго праекты „БГД” і „Імя” – гэта вельмі значная частка гісторыі нашай незалежнай прэсы. І вельмі ўдалыя, як на мой густ. Трэцяя прысвечана прэсе друкаванай. Бо яна таксама значную ролю адыграла ў Беларусі, і ў фармаванні грамадзянскай супольнасці, я ўпэўнена, бо сама працавала з друкаванымі медыя. І чацвёртая – прысвечана нашым галоўным парталам.
Гэты міні-серыял складаецца з чатырох серый. Знойдзем яго на ютубе-канале Беларускага прэс-клубу. У першай серыі сабралі гісторыі медыя-асобаў пра тое, як стваралася і развівалася незалежнае тэлебачанне і радыё ў Беларусі. Гэта і незалежныя праекты на Беларускім тэлебачанні ды гісторыя радыё 101.2, беларускамоўнай радыёстанцыі, якая працавала ў Менску у 1995-96 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя