Сяргей Гардзіевіч: Лісты прыходзілі, але мне іх не аддавалі
Адзін з лепшых рэгіянальных журналістаў Берасцейшчыны цяпер ужо былы палітзняволены журналіст Сяргей Гардзіевіч з Драгічына ужо другі дзень на волі. Першае пытанне ад яго сяброў: ці атрымліваў Сяргей іх пісьмы?

Гаворыць Сяргей Гардзіевіч:
– Ніякія лістоў не атрымліваў. Мне прыйшло амаль сто лістоў заказных, за якія я распісаўся, і яны былі знішчаны за ўтрымліванне цынізму.
Рэдактар сайта «Ганцавіцкі час» Павел Дайлід выказаў цёплыя пачуцці з нагоды вызвалення свайго калегі. Яны працавалі разам у інтэрнэт-выданні «Першы рэгіён». Паводле Дайліда, Сяргей шмат дапамагаў людзям і ўсе рады яго вызваленню:
– Канешне, гэтыя паўтара года страціў не толькі Сяргей, страцілі ўсе мы, хто яго ведае, страціў і Драгічынскі раён, дзе ён жыў, бо ён шмат пісаў пра людзей.
Журналіст Сяргей Гардзіевіч адбываў пакаранне 1 год і 6 месяцаў ў шклоўскай папраўчай калоніі №17. Яму ставілася ў віну абраза і паклёп на службовых асоб і прэзідэнта.
Беларускае Радыё Рацыя
