Экс-следчага Яўгена Юшкевіча будуць судзіць па шасці артыкулах



Былога следчага Яўгена Юшкевіча будуць судзіць па шасці артыкулах КК, піша праваабарончы цэнтр „Вясна„. Раней у ягонай справе фігураваў артыкул 289 КК («Акт тэрарызму»), цяпер яго няма.

Працэс над ім распачнецца 15 лістапада ў Менскім гарадскім судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Алена Ананіч.

Яму інкрымінуюць:

  • ч. 1 арт. 293 КК („Масавыя беспарадкі”);
  • ч. 1 арт. 342 („Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”);
  • ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі);
  • ч. 1 арт. 130 („Распальванне іншай сацыяльнай варожасці”);
  • ст. 369 („Знявага прадстаўніка ўлады”);
  • ст. 364 („Гвалт або пагроза яго прымянення ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных спраў”)

Яўген Юшкевіч – былы супрацоўнік Следчага камітэта, ён сышоў адтуль некалькі гадоў таму. У 2020 годзе ён стаў ініцыятарам праекта ByChange для дапамогі і перанавучання сілавікоў і дзяржслужачых, якія страцілі працу з-за сваёй палітычнай і грамадзянскай пазіцыі. Яго затрымалі 19 красавіка 2021 года пасля ператрусу ў кватэры. У пастанове на ператрус быў указаны артыкул 289 КК (“Акт тэрарызму”). 4 траўня па ўказе Лукашэнкі Юшкевіч быў пазбаўлены звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу.