Алесь Адамковіч: У гэтай справе удзельнічала шмат беларусаў Літвы
Беларусы ў Вільні адрэстаўравалі помнік пісьменніку Францішку Аляхновічу. Помнік, які ўсталявалі ў 1993 годзе, знаходзіўся ў аварыйным стане, каб ён увогуле не разбурыўся, год таму яго прыбралі. І вось зараз ён вяртаецца на сваё месца на віленскіх могілках Росы.

З гэтай нагоды карэспандэнт Радыё Рацыя пагутарыў з кіраўніком Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесем Адамковічам.

РР: Давайце акрэслім, наколькі гэта важнае месца для беларусаў?
Алесь Адамковіч: Гэтая магіла знаходзіцца на могілках Росы, якія вядомыя тым, што там пахаваны цэлы шэраг беларускіх дзеячоў пачатку ХХ стагоддзя і міжваеннай Вільні. А нядаўна, тры гады таму, там былі перахаваныя паўстанцы 1863-64 годоў, сярод якіх Кастусь Каліноўскі. Таму гэта не проста знакавае, але і святое месца для беларусаў Вільні і ўвогуле для ўсіх беларусаў, куды можа прыйсці любы беларус – запаліць свечку, ускласці кветкі, гэтым самым узгадаць памяць і ўшанаваць беларусаў, якія знайшлі спачын у гэтым святым месцы.
РР: А ці было гэта прымеркавана да Дзядоў, бо гэтымі днямі вельмі важны перыяд, калі згадваем сваіх продкаў?
Алесь Адамковіч: Так яно й планавалася, і мы стараліся паспець аднавіць помнік да Дзядоў. Калі казаць увогуле, то перапахаванне Францішка Аляхновіча адбылося ў 1989 годзе таксама ў лістападзе месяцы. Таму лістапад – гэта месяц, у якім быў перапахаваны Аляхновіч, і месяц, калі адзначаюцца Дзяды, ушаноўваюцца продкі.

РР: Гэта нейкая рэканструкцыя помніка, ці гэта новаствораны помнік? І хто працаваў над гэтай ініцыятывай? І як увогуле атрымалася рэалізаваць гэтую ініцыятыву?
Алесь Адамковіч: Гэта, па сутнасці, адрэстаўраваны былы помнік, які тады стварыў віленскі беларускі скульптар Эдуард Падбярэскі ў 1993 годзе. Але тады не хапіла сродкаў, таму быў пастаўлены часовы макет помніку, які праз 30 гадоў практычна разваліўся. І ўжо была небяспека цалкам згубіць гэты помнік. Тым больш адміністрацыя могілак папярэджвала, што калі гэты помнік пашкодзіць кагосьці, то яшчэ і штраф за гэта атрымаем. І гэтай праблемай плённа пачалі займацца віленскія грамадскія дзеячы. Працу ўзначаліў Кірыл Атаманчык. І прыемна, што далучылася шмат іншых людзей. Артур і Наста Яўмены дапамаглі ўпарадкаваць дакументы, вялі перапіску з Міністэрствам культуры. Алесь Смалянчук дапамог у пошуку сродкаў. Сам помнік, само месца аформілі за Таварыствам беларускай культуры ў Літве.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.