Агляд прэсы: у пошуку ворагаў
Іранскія інструктары беспілотнікаў заўважаныя ў Беларусі. Ці паставіць Украіна ўсё на аднаўляльную энергію? Арыштавана старшыня Медычнай палаты Турцыі. Купля Twitter Ілонам Маскам выклікала засцярогі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Іранскія інструктары каардынавалі ўдары беспілотнікаў «Шахед-136» па інфраструктурных аб’ектах Кіева, а таксама па паўночных і заходніх рэгіёнах Украіны. Зараз інструктары Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірана (КВІР) трэніруюць расейскія сілы ў Беларусі і каардынуюць запускі іранскіх беспілотнікаў», – паведамляе ізраільская газета The Jerusalem Post.
«У вёсцы Мікулічы Гомельскай вобласці была заўважаная група іранскіх інструктараў, афіцэраў КВІР, якія знаходзяцца пад аховай Нацгвардыі РФ і ФСБ. Паводле мясцовай групы супраціву, расейцы таксама цалкам захапілі аэрадромы ў Баранавічах і Лідзе. Расейскія вайскоўцы працягваюць выкарыстоўваць базы для нанясення ўдараў па тэрыторыі Украіны. Таксама іранскія інструктары кантралявалі расейскія запускі беспілотнікаў-камікадзэ з тэрыторыі анэксаванай Украіны. Яны вучаць расейцаў карыстацца беспілотнікамі-камікадзэ і непасрэдна кантралююць запускі беспілотнікаў па грамадзянскіх аб’ектах Украіны, у тым ліку наносяць удары па Мікалаеву і Адэсе. Выведдадзеныя пацверадзіў і прэс-сакратар Пентагона Пэт Райдэр», – адзначае ізраільскае выданне.
***
Вайна ва Украіне прадэманстравала, наколькі ўразлівым з’яўляецца цэнтралізаванае энергазабеспячэнне, якое выкарыстоўвае выкапныя энерганосьбіты. Яшчэ ў 2017 годзе было прадстаўлена даследаванне, якое паказала, якім чынам Украіна магла б да 2050 года амаль цалкам перайсці на альтэрнатыўную энергетыку, але на той момант даследаванне засталося незаўважаным. Аднак цяпер вайна магла б стаць адпраўной кропкай для пераходу ад буйных праектаў да дэцэнтралізаваных сістэм і аднаўляльных крыніц энергіі. Аглядальнікі лічаць, што такі пераход быў бы слушным. Украінскае выданне gordonua.com цытуе Арсенія Яцанюка, былога прэм’ер-міністра Украіны, які займаў гэтую пасаду з 2014 па 2016 год, маўляў, нават ва ўмовах энергетычнага крызісу ЕЗ ні ў якім разе не павінен ісці на саступкі Пуціну.
«Гэтая зіма будзе складанай для ўсіх еўрапейцаў незалежна ад таго, ці сутыкнуцца яны з адключэннямі электраэнергіі і бомбамі ці з праблемамі ацяплення і завоблачнымі рахункамі за электраэнергію. Пуцін спадзяецца выкарыстоўваць зіму як зброю і прымусіць Еўропу здацца, але саступка Крамлю была б катастрафічнай як для Украіны, так і для ЕЗ. Цяпер Еўропе давядзецца прыняць выклік усёабдымных зменаў усёй сваёй энергетычнай сістэмы. Гэта адзіны спосаб пераадолець залежнасць кантынента ад расейскіх энерганосьбітаў і зрабіць так, каб энергетычная вайна Пуціна скончылася яго поўнай паразай», – заклікае ўкраінскае выданне.
***
Турэцкая праваабаронца Шэбнем Корур Фінджанджы арыштаваная па абвінавачанні ў «прапагандзе тэрарызму». У эфіры тэлекампаніі, блізкай да Рабочай партыі Курдыстана, яна заявіла, што неабходна правесці незалежнае расследаванне на прадмет магчымага прымянення Турцыяй хімічнай зброі на поўначы Ірака. Прэзідэнт Эрдаган запатрабаваў звольніць Фінджанджы з пасады старшыні Медычнай палаты. Аглядальнікі гавораць аб палітычных матывах. «Патрабаванні, вылучаныя Фінджанджы, цалкам легітымныя і злачынствам не з’яўляюцца», – падкрэслівае турэцкі партал T24.
«Мы разумеем, чаму напярэдадні выбараў Эрдаган і яго малодшы партнёр шырокім пэндзлем малююць выявы новых ворагаў і нагнятаюць у грамадстве атмасферу варожасці. Не здзіўляе і тое, што сваю руку да гэтага прыкладае строгая дама юстыцыя, якая ўвогуле павінна быць незалежнай! Як толькі рэжым абрушваецца з абвінавачваннямі на каго-небудзь, ужо не важна, як будзе абараняцца гэты чалавек, здзейсніў ён наўмыснае злачынства ці не, і нават тое, што ён казаў ці не казаў на самой справе. Усё гэта зараз не мае аніякай ролі. Патрабаваць звальнення старшыні Медычнай палаты яшчэ да таго, як суд вынесе рашэнне пра тое, вінаватая яна ці не – гэта яшчэ адзін юрыдычны скандал. Фінджанджы – не першы чалавек, які апынуўся за кратамі па віне эрдаганаўскага рэжыму, і пакуль Эрдаган застаецца ва ўладзе, яна відавочна будзе не апошняй», – прагназуе турэцкае выданне.
***
Шматмесяцовая гісторыя з пакупкай Twitter падышла да канца. Ілон Маск набыў сацсетку і ўзначаліў яе. Завяршэнне ўгоды ён пракаментаваў словамі: «Птушачка на волі!». Мільярдэр звольніў некалькі топ-мэнэджараў кампаніі і паабяцаў ператварыць Twitter у пляцоўку, адкрытую для любых меркаванняў, але без заклікаў да гвалту. Зрэшты, замежныя СМІ засцерагаюцца, што платформа зменіцца да непазнавальнасці. «Маск не згодзен з практыкай вечнага бана, а гэта значыць, што заблакаваныя карыстачы, у тым ліку Трамп, могуць вярнуцца. Разблакіроўка акаўнта экс-прэзідэнта можа мець сур’ёзныя наступствы», – адзначае амерыканскі часопіс Politico.
«У ЗША хутка прамежкавыя выбары ў Кангрэс, і гэта дасць Трампу магчымасць аспрэчваць вынікі галасавання, крытыкаваць апанентаў і распаўсюджваць фейкі. Сярод топ-мэнэджараў, якіх звольніў бізнэсмэн, апынулася ў тым ліку кіраўнік юрыдычнага аддзела сацсеткі. Яна ўзначальвала барацьбу са шкодным кантэнтам і прыняла рашэнне аб блакіроўцы Трампа», – занепакоена амерыканскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array