Сцяпан Стурэйка: Падобна, што кожная кніга можа стаць у Беларусі экстрэмісцкай
Выкладчык ЕГУ і лідар міжнародна-прызнанай грамадскай ініцыятывы “Беларускі камітэт ICOMOS” Сцяпан Cтурэйка нядаўна прэзентаваў у Вільні сваю новую мастацкую кнігу “Пасажыры карабля Тэсея”.

Але і выдавецтва гэтай кнігі, і ўвогуле дзейнасць па захаванні архітэктурнай і археалагічнай спадчыны ў Беларусі апынуліся ў зоне рэпрэсій. Гэта і стала тэмай размовы з Госцем Рацыі:
РР: Мне хацелася б працытаваць тэлеграм-канал «Цёця Іра», які як раз пісаў у жніўні 2022 года, што ваша кніга «Пасажыры карабля Тэсея» была выдадзена ў траўні 2022 года ў выдавецтве «Янушкевіч». І тэлеграм-канал цытуе вашыя словы: „Цэлы тыдзень я быў шчаслівы. А потым перастаў, таму што адбылася аблава на выдавецтва.” Затрымалі кіраўніцтва. Кнігарню зачынілі. І вашая кніга стала апошняй з апублікаваных у выдавецтве «Янушкевіч».
Сцяпан Стурэйка: Адчуанне не надта радаснае. Па-першае, час паказаў, што гэта сапраўды апошняя выдадзеная кніга выдавецтвам у Беларусі, прынамсі ў гэтым гістарычным перыядзе. Дзякуй Богу, Андрэй Янушкевіч зараз на свабодзе і можа рабіць свае выдавецкія праекты за мяжой. Ну і, па-другое, акурат днямі беларускія суды прызнаюць экстрэмісцкімі кнігі, якія былі канфіскаваныя менавіта падчас той аблавы. Калі ўжо «Баладу пра маленькі буксір» Бродскага прызналі экстрэмісцкай. То маю кнігу таксама запраста могуць прызнаць. Нішто не замінае ім.

РР: Калі была канфіскацыя кніг з кнігарні «Кнігаўка», там была вашая кніга?
Сцяпан Стурэйка: Наколькі ведаю, была.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя