У Варшаве адзначылі „Ноч (не)расстралянай паэзіі”



Імпрэза прайшла ў Музеі Вольнай Беларусі. Падчас падзеі адбылася прэзентацыя кнігі „(Не)расстраляныя” кіраўніка Беларускай Рады культуры Сяргея Будкіна.

Акрамя таго, выступілі літаратары Васіль Дранько-Майсюк і Алена Баярава, музыкі Алесь Дзянісаў, Relikt і Chornabrova. Падтрымаў імпрэзу і прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінету па транзіце ўлады Павел Латушка.

Пра адметную дату ў гісторыі – Ноч паэзіі – распавёў Сяргей Будкін:

Для мяне асабіста гэта «Ноч нерасстраляных паэтаў». І гэтае «не» тут з’яўляецца невыпадкова, таму што мы з дапамогай свайго праекту прапануем паглядзець на гэта з ракурсу жыцця і любові, і прыняць гэтых паэтаў, і казаць пра іх не толькі з той нагоды, што іх забілі, але і з той нагоды, што яны зрабілі, то бок працягнуць іх гісторыю ў песнях, працягнуць гісторыю ў розных імпрэзах розных фарматаў, і ў прынцыпе даць такую перспектыву, каб яны натхнялі наступныя пакаленні, каб вось гэтая пераемнасць і адпаведна справядлівасць аднавіліся б.

Таксама на падзеі можна было ўбачыць відэалекцыю аўтара ідэі праекту “Нерасстраляныя” Сяргея Будкіна, набыць кніжныя навінкі ад „Kamunikat”, а таксама сагрэцца гарачай гарбатай і прысмакамі.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя