Ігар Ільяш: Прызнанне Беларусі акупаванай дазволіць уладам пазбегнуць адказнасці
Украіна заявіла пра магчымасць паўторнага наступу на сваю тэрыторыю з боку Беларусі ў выпадку ўзмацнення групоўкі войскаў да 50-70 тысяч вайскоўцаў. Цяпер на тэрыторыі Беларусі няма такой колькасці жаўнераў, але расейскія ўзброеныя сілы працягваюць знаходзіцца паблізу беларуска-ўкраінскай мяжы.

Вольга Сямашка пагутарыла з палітычным аналітыкам Ігарам Ільяшам пра тое, чым небяспечнае прызнанне Беларусі акупаванай тэрыторыяй Расеі, як вайна ва Украіне паўплывае на нацыянальныя рухі ў рэгіёне і наколькі магчымы напад на Украіну з Беларусі зараз.
РР: Беларусь у цэнтры вайны ва Украіне. Украінскія аналітыкі ўвесь час кажуць пра тое, што ў любы час з тэрыторыі Беларусі можа адбыцца напад на тэрыторыю Украіны.
– Варта сказаць, што афіцыйны Кіеў кажа зараз пра тое, што менавіта цяпер пагрозы няма. Пра гэта казаў кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў, што пакуль надта мала расейскіх вайскоўцаў. Яны ацэньваюць у 4300 чалавек. Гэтага відавочна не хопіць для поўнамаштабнага, вялікага наступу. Для фармавання вось гэтай ударнай групоўкі спатрэбіцца пэўны час, часцей за ўсё ацэньваюць у некалькі месяцаў. Але пры гэтым даюць, што сапраўды сітуацыя можа вельмі хутка змяніцца і прыйсці да поўнай гатоўнасці можа насамрэч неўзабаве. Сапраўды з гэтымі ацэнкамі я б пагадзіўся. Менавіта зараз, па стане на 31 кастрычніка думаю, што няма пагрозы непасрэднага ўступлення ў вайну тут і цяпер. Але калі за бліжэйшыя тыдні, бліжэйшыя месяцы тут сканцэнтруецца дастаткова расейскіх сілаў і для фармавання гэтай групоўкі пэўныя захады правядзе кіраўніцтва Беларусі, то сапраўды гэтая пагроза можа стаць абсалютна рэальнай. У прынцыпе лічу, што за ўвесь час канфлікту цяпер Беларусь знаходзіцца ў самай небяспечнай фазе і пагроза ўступлення ў вайну зараз высокая, як ніколі, але гэта не значыць, што гэта ўжо непазбежна. Я не лічу, што рашэнне ўжо прынятае канчаткова, яно непазбежнае. Паколькі мы кажам пра гэты час, які спатрэбіцца для фармавання ўдарнай групоўкі, некалькі месяцаў магчыма, то мы павінны разумець наколькі імкліва змяняецца ўсё ў гэтым канфлікце, становішча бакоў і сітуацыя на фронце. Можна сказаць, што за гэтыя пару месяцаў можа шмат чаго змяніцца. Калі нават ёсць нейкі план, то ён можа быць скасаваны, зменены, скарэктаваны з улікам таго, што будзе адбывацца далей. Таму я ўпэўнены, што пагроза вялікая, але яшчэ нічога не прадвызначана.
Беларускае Радыё Рацыя