Якуб Колас: “О, Беларусь, ты – сэрца і душа!”



Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, адбудуцца напачатку лістапада ў мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю песняра.

Юбілей беларускага літаратурнага класіка Якуба Коласа − гэта не проста юбілей аднаго чалавека ці нават асобнай нацыянальнай літаратуры, гэта юбілей народа, бо з лёсаў лепшых сыноў айчыны складаецца лёс Бацькаўшчыны. Жыццё народнага паэта Беларусі Якуба Коласа – выдатная старонка ў гісторыі беларускай літаратуры, а творчасць паэта ілюструе цэлую эпоху ў культурным жыцці краіны, велізарны пласт нацыянальнага жыцця.

З кожным годам усё большы прамежак часу аддзяляе нас ад таго гістарычнага часу, калі жыў і тварыў класік беларускай літаратуры, і таму больш прыцягальным становіцца не толькі вобраз Паэта – як выдатнейшага майстра паэтычнага слова, але Паэта – чалавека, з яго думкамі, клопатам, радасцямі і смуткам.

Напачатку лістапада 140-годдзе народнага паэта Беларусі Якуба Коласа будзе адзначана разнастайнымі святочнымі мерапрыемствамі, якія бліжэй пазнаёмяць грамадскасць Беларусі з літаратурным геніем.

3 лістапада ў 9.30 адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка Якубу Коласу на плошчы яго імя ў г. Менску, а ў 12.00 на малой радзіме еесняра, ў г. Стоўбцы на вул.Цэнтральнай, будзе ўрачыста прызентаваны помнік народнаму паэту, які быў выкананы групай беларускіх скульптараў на чале з народным мастаком Беларусі Іванам Міско.

З  12.00 на мемарыяльных сядзібах філіяла музея “Мікалаеўшчына” адбудзецца літаратурна-музычные свята “Такі ўжо звычай беларускі…”, удзел у якім прымуць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі краіны: пісьменнікі, паэты, артысты, мастакі, супрацоўнікі музеяў, навукоўцы, мастацкія калектывы Беларусі.

4 лістапада ў 10.30 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запросіць на XXXVI навуковую канферэнцыю “Каласавіны – 2022”, у якой прымуць удзел навукоўцы з розных рэгіёнаў Беларусі, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, сталічных і абласных вышэйшых навучальных устаноў, музеяў і архіваў.

У 15.00 у доме-музеі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Інскрыпты  Якуба Коласа”, а ў 16.00  на святочным вечары “Да сонца коласам узняцца…” прагучаць вершы і песні на словы Якуба Коласа ў выкананні артыстаў народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”.

Беларускае Радыё Рацыя