Берасцейская пракуратура незадаволена чыноўнікамі



У пракуратуры Берасцейскай вобласці ўзніклі прэтэнзіі да чыноўнікаў, якія сочаць за коштамі ў крамах. Пракуроры лічаць, што ў некаторых правяраючых не было дастатковых ведаў, а сельскім магазінам надавалася занадта мала ўвагі.

«Да прыкладу, мелі месца факты, калі ў склад працоўных груп уваходзілі службовыя асобы, якія не валодаюць неабходным узроўнем спецыяльных ведаў у фінансава-эканамічнай сферы. У асобных выпадках выбар аб’екта праверкі аказваўся немэтазгодным. Менш увагі надавалася гандлёвым аб’ектам, размешчаным у сельскай мясцовасці», – заяўляе служба інфармацыі пракуратуры Берасцейскай вобласці.

Акрамя гэтага, пракуратура лічыць, што правяраючыя няпоўнасцю вывучылі звесткі аб коштах. Пракурор вобласці накіраваў старшыні Берасцейскага аблвыканкама інфармацыйную запіску, у якой прапанаваў меры па выпраўленні сітуацыі.