Іга Швентэк датэрмінова выйшла ў плэй-оф Выніковага турніру
Першая ракетка ў свеце Іга Швентэк датэрмінова забяспечыла сабе выхад з групы з першага месца на Выніковым турніры ВТА. Гэта стала магчымым пасля таго, як 4 лістапада расейская тэнісістка Дар’я Касаткіна абыграла прадстаўніцу ЗША Коры Гаўф на Выніковым турніры ВТА з лікам 7:6 (8:6), 6:3. Такім чынам, амерыканка Гаўф страціла шанцы на выхад з групы. У першым матчы Касаткіна прайграла Ізе Швентэк.
Дар’я Хамуцянская выйшла ў паўфінал турніру ІТФ у Трнава
Дар’я Хамуцянская (811 ВТА) выйшла ў паўфінал фіналу турніру ІТФ у Трнаве з прызавым фондам 25 тысяч даляраў. Беларуска, якая трапіла ў аснову як „лакі-лузер”, у чвэрцьфінальным матчы перамагла францужанку Аліс Робэ (344 ВТА) — 6:4, 4:6, 7:5.
Алена Фалей (773 ВТА) выйшла ў паўфінал турніру ІТФ у Шарм-эль-Шэйху. У матчы 1/4 фіналу беларуска перамагла румынку Караліну Патрыцыю Бежанару (611 ВТА) — 6:3, 7:6 (7).
У французскім Нанце праходзіць турнір катэгорыі W60, дзе завяршыліся матчы чвэрцьфінальнай стадыі. Беларуска Юлія Гатоўка (N295 ВТА) не здолела выйсці ў паўфінал, яна пацярпела паразу ад украінскай саперніцы Дар’і Снігур — 3:6, 2:6.
Віктар Ганчарэнка прызнаны найлепшым трэнерам кастрычніка ў расейскай прэм’ер-лізе
45-гадовы беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, які ўзначальвае „Урал” з Екацярынбурга, названы найлепшым трэнерам чэмпіянату Расеі ў мінулым месяцы. Інфармацыя аб гэтым змяшчаецца ў афіцыйных пабліках турніру ў сацыяльных сетках. У кастрычніку „Урал” заваяваў чатыры перамогі ў пяці матчах, а яшчэ аднойчы згуляў унічыю.
Раман Грабарэнка заключыў кантракт з польскай „Уніяй”
Беларускі абаронца Раман Грабарэнка падпісаў кантракт з польскай “Уніяй”. Пагадненне з 30-гадовым хакеістам разлічана да канца сезона з выпрабавальным тэрмінам у адзін месяц – паведамляе прэс-служба клуба. У мінулым сезоне ён выступаў за казахстанскі „Арлан” (11 (3+8) ачкоў у 18 матчах „рэгуляркі” і 7 (1+6) балаў у 13 сустрэчах плэй-оф). „Унія”, за якую выступае яшчэ адзін беларус Раман Дзюкаў, ідзе на другім месцы ў табліцы чэмпіянату Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя