Васіль Сегень: Спадзяемся, што нічога не перашкодзіць правесці фестываль „Беларуская песня”
У эфіры Радыё Рацыя пабываў Васіль Сегень, Старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства.

РР: Заўтра ў Беластоку пройдзе гала-канцэрт фестывалю «Беларуская песня». Ці ўсё зашпілена на апошні гузік?
– Так, заўтра сардэчна запрашаем на гала-канцэрт нашага фестывалю «Беларуская песня 2022», які ў гэтым годзе праходзіць таксама пад лозунгам «Салідарныя з Украінай». Хто яшчэ не паспеў купіць білетаў – запрашаем, заўтра непасрэдна перад канцэртам можна будзе квіткі набыць. Ці ўсё зашпілена на апошні момант? Цяжка сказаць адназначна, заўсёды ёсць нейкія хваляванні, тым больш што праводзім гэта ў новым месцы – у вышэйшай фінансавай школе кіравання па вуліцы Цёплай 40, так што ёсць пэўныя хваляванні, як гэта адбудзецца ў гэтым годзе.
РР: Гала-канцэрт гэта гонар для выканаўцаў і свята слухачам – аматарам беларускай песні. Але фестываль гэта можна сказаць цяжкая праца арганізатараў, ён пачынаецца нашмат раней адборачнымі праглядамі. Калі насамрэч пачынаеце працаваць над чарговымі выпускамі фестываляў?
– Калі глянуць на самы пачатак, то гэта планы на чарговы год, калі плануем тэрміны, калі правесці раённыя адборачныя прагляды, калі правесці цэнтральны агляд, ну і канешне фінал – гэта гала-канцэрт. Апошнія гады гэтыя нашыя планы былі скарэктаваныя сітуацыяй перш за ўсё сітуацыяй, звязанай з каронавірусам. Мы праводзілі ў такіх нетыповых тэрмінах для нашага фестывалю: маю на ўвазе тут канец вясны – пачатак лета. Гала-канцэрт толькі позна восенню, у лістападзе. Звычайна гэта робіцца напрыканцы зімы, зімою. Калі ўсе ахвотныя выканаўцы прыступаюць да гэтых адборачных конкурсаў. І яшчэ да Вялікоднага посту адбываўся гала-канцэрт. Спадзяемся ў наступным годзе мы ўжо вернемся ў старыя рамкі правядзення нашага фестывалю, і што нічога нам не перашкодзіць правесці яго ў канцы зімы – пачатку вясны. А гэты і мінулы гады нетыповыя, калі наша праца заканчваецца толькі заўтрашнім днём, 6 лістапада.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя