110 гадоў з дня нараджэння Віктара Войтанкі



Беларускі грамадскі дзеяч самакіравання, Беларускай Краёвай Абароны, медык, праваслаўны святар, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, ЗША) Віктар Войтанка (у замежжы Віктар Васілеўскі) нарадзіўся 6 лістапада 1912 года ў фальварку Мачульня на Наваградчыне.

Віктар Войтанка паходзіў з сям’і Сцяпана Войтанкі і Філамены з Рахавецкіх. Бацька Сцяпан Войтанка быў праваслаўным святаром, пазней дзеячам Беларускай Аўтакефальнай Царквы ў ЗША. Быў рукапакладзены на святара ў Гродне, служыў у прыходах Дварца, Марозавічаў, Ястрамбеля. У 1938 годзе яму забаранілі служыць за супрацьдзеянне паланізацыі праваслаўнай царквы, а таксама за ўдзел сына ў віленскіх беларускіх арганізацыях.

Віктар Войтанка пачатковую адукацыю атрымаў у Салезіянскай школе мястэчка Дварэц (цяперашні Дзятлаўскі раён). Потым скончыў чатыры класы школы ў Наваградку. Далей была вучоба на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Там Віктар быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза. Галоўнымі мэтамі арганізацыя лічыла аб’яднанне сваіх сяброў на грунце духоўных і маральных каштоўнасцяў, заахвочванне іх да самаадукацыі, навуковага пазнання Беларусі, выхавання нацыянальнай самасвядомасці народа. 

У час другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі Віктар Войтанка стаў заснавальнікам і першым дырэктарам медыцынскай школы ў Баранавічах. Быў бурмістрам Баранавічаў. Удзельнічаў у Беларускім царкоўным саборы. З 1943 года быў акруговым лекарам у Слоніме, у 1944 годзе – доктарам-інспектарам Беларускай краёвай абароны. У 1944-45 гадах – супрацоўнік Галоўнага кіраўніцтва вайсковых спраў Беларускай Цэнтральнай Рады. Выехаўшы ў эміграцыю, заснаваў Беларускае бюро ў брытанскай зоне акупацыі Германіі. У 1945-49 гадах Віктар Войтанка жыў у паўднёвазаходняй Германіі (зямля Бадэн-Вюртэмберг, французская зона акупацыі). Быў удзельнікам з’езду беларускіх святароў і грамадскіх дзеячаў, прыхільнікаў Рады БНР. З’езд прайшоў 5 чэрвеня 1948 года, на ім была адноўлена Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ).

Пасля Віктар Войтанка, як і многія іншыя дзеячы беларускай эміграцыі, выехаў за акіян і жыў ажно да смерці у ЗША. У 1968 годзе, пасля смерці бацькі, стаў святаром БАПЦ. Служыў у парафіі Царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Хайлэнд-Парку, гэты прыход быў заснаваны раней яго бацькам. Займаўся перакладам літургічных тэкстаў на беларускую мову. Віктар Войтанка – адзін з заснавальнікаў Саюза беларускіх журналістаў на чужыне і перыядычнага выдання «Летапіс беларускай эміграцыі». Меў творчы псеўданім Амсьціслаў Гарыгляд.

Віктар Войтанка выдаў наступныя друкаваныя працы: Pravasłaŭje a hramadavieda. Narys pohladaŭ na ŭdzieł Pravasłaŭnaj Carkvy ŭ raźviazańni hramadzkich spraŭ. — [Niamieččyna], 1950; Razbudova biaz zołata. — Čužyna, 1950; Воды Беларусі. Гаспадарчы нарыс магчымасьцяў асваеньня водных багацьцяў Беларусі / Гарыгляд. — [Нью Ёрк], 1953; Разбудова бяз золата: Нарыс скарбовых магчымасьцяў разбудовы Беларусі на аснове навейшае грошаведы. — [Нямеччына], 1950. (Бібліятэка Беларускіх Гаспадарнікаў на Чужыне); Сялянства і земляробства Беларусі / Гарыгляд. — [Нью Ёрк], 1953.

Памёр Віктар Войтанка 25 красавіка 1972 года ў горадзе Самерсэт (штат Нью-Джэрсі). Было святару толькі 59 гадоў. Пахаваны на беларускай частцы могілак у Іст-Браньсвіку.

Беларускае Радыё Рацыя