Брат загінулага ва Украіне “каліноўца” збег у Польшчу



Стрыечны брат загінулага ва Украіне байца -“каліноўца” Васіля Парфянкова збег у Польшчу. Сяргей Бандарэнка ўцёк з адной з бальніц Менска, куды трапіў пасля допыту сілавікамі.

Яго затрымлівалі двойчы, правялі вобшук, забралі тэлефон. Пакуль вядома, што супраць яго ідзе адміністрацыйны працэс за рэпост інфармацыі пра Васіля Парфянкова – кажа Сяргей:

-Завялі справу па трох момантах, скрыншоты зрабілі. Сказалі, што за кожны скрыншот – па 15 сутак. А тэлефон забралі на месяц на інфармацыйнае даследаванне. І я разумеў, што ў гэтым тэлефоне яны знойдуць такое, што мяне вывезуць у лес па іхных законах і проста расстраляюць, як у 37-м. Я зразумеў, што знаходзіцца там нельга. І збег з бальніцы.

РР: Вы былі ў бальніцы. А што з Вамі здарылася?

Сяргей Бандарэнка: Білі, канешне ж. Пасля самі выклікалі “хуткую”. Лекары з “хуткай” зразумелі, што мяне трэба шпіталізаваць. Мяне ўжо везлі ў ІЧУ і я канкрэтна разумеў, што будзе 45 сутак, пасля яны яшчэ нешта знойдуць і зробяць замест адміністрацыйнай – крымінальную справу. Да гэтага 15 сутак я сядзеў, калі  брат мой Васіль Парфянкоў загінуў, маці яго затрымлівалі з яго роднай сястрой.

РР: Дзе Вы працавалі?

Сяргей Бандарэнка: Пакуль мяне не звольнілі, працаваў на “Белпошце”. Пасля я зарэгістраваўся ў Цэнтры занятасці і ў мяне быў афіцыйны статус беспрацоўнага. Але на “пакаяльным відэа” мяне прымусілі сказаць, што я на ўтрыманні маці.

РР: Пагадзіліся здымацца?

Сяргей Бандарэнка: Там немагчыма не пагадзіцца! Таму што балюча.

Першы раз  Сяргея Бандарэнку арыштавалі на 15 сутак пасля гібелі ва Украіне яго стрыечнага брата Васіля Парфянкова. Зараз ён знаходзіцца ў Польшчы ў лагеры для бежанцаў.

Цалкам размову слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя