80 гадоў таму быў расстраляны паэт Алесь Дубровіч



Мы сэрцам полымным і чыстым

Асвецім шлях сябрам другім.

І верым: песняй урачыстай

Мы перамозе зложым гімн.

Гэтыя радкі напісаў у 1932 годзе беларускі паэт, дзеяч заходнебеларускага руху Алесь Дубровіч (Аляксей Рэдзька), якога 7 лістапада 1942 года расстралялі гітлераўцы.

Нарадзіўся Алесь Дубровіч у 1910 годзе ў вёсцы Каралевічы на Глыбоччыне. Пасля таго, як скончыў вясковую школу, займаўся самаадукацыяй. Рана пачаў прымаць удзел у грамадска-палітычным руху. У 1933 годзе быў удзельнікам Першага нелегальнага з’езду заходнебеларускіх пісьменнікаў, адзін з ініцыятараў стварэння літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі.

Друкавацца Алесь Дубровіч пачаў у 1928 годзе ў газеце “Доля працы”. У 1933 годзе быў апублікаваны яго першы верш “Беларусь”. У сваім вершы „Мы” малады паэт сцвярджаў: „Натхненне нашае ў змаганні за шчасце новага жыцця”. У 1934 годзе працаваў у часопісе „Літаратурная старонка”. У гэтым выданні была надрукавана „Дэкларацыя групы паэтаў да ўcix пісьменнікаў Заходняй Беларусі”. У групу пісьменніка, якія падпісалі дэкларацыю, уваходзіў і Алексей Рэдзька, за што неўзабаве і быў арыштаваны польскай уладай i асуджаны. Два з паловай гады ён правёў у Віленскай турме на Лукішках. Палітвязні выдавалі рукапісны часопіс «Краты», дзе Дубровіч змяшчаў свае творы пад псеўданімамі Макар і Мікіта. Пасля судовага працэсу ў 1936 годзе ён выйшаў на свабоду, фактычна адбыўшы пакаранне да суда. Перад Другой сусветнай вайной паэт друкуецца ў заходнебеларускіх перыядычных выданнях „Беларускі летапіс” і „Калоссе”. Яго вершы мелі выразную сацыяльную афарбоўку, клікалі да вызвалення роднага краю з-пад уціску. Максім Танк, які быў рэдактарам літаратурнага аддзела „Беларускага летапісу”, вылучаў вершы Алеся Дубровіча, як досыць яркія i арыгінальныя.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Алесь Дубровіч працаваў у валасным рабоча-сялянскім камітэце, выбіраўся старшынёй сельсавета, быў дэлегатам народнага сходу ў Беластоку (1939). Перад вайной Алесь Дубровіч працаваў у Вілейскай раённай газеце, змяшчаў там вершы і нарысы.

Да Алеся Дубровіча прыйшло і асабістае шчасце: у 1939 годзе ён стаў бацькам дзяўчынак-блізнят. Паступова здзяйсняліся мары Дубровіча, але пачалася вайна…

Сям’я паэта не змагла эвакуіравацца. Таму паэт вёў падпольную работу ў родных мясцінах на Глыбоччыне, трымаў сувязь з партызанамі. На балоце за вёскай былі схаваны паперы паэта і багатая бібліятэка. У 1942 годзе па даносе старасты гестапаўцы забралі адначасова Алеся, двух братоў і бацьку. Пасля допытаў і жорсткіх катаванняў раніцай 7 лістапада 1942 года іх расстралялі на вачах сястры і жонкі паэта…

Пахаваны Алесь Дубровіч на могілках вёскі Каралевічы. У Глыбокім адна з вуліц носіць імя земляка, яго бюст усталяваны ў скверы знакамітых землякоў Глыбоччыны.

Беларускае Радыё Рацыя