Адбылося лёсаванне 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў



У швайцарскім Ньёне прайшло лёсаванне 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў.

Па выніках «Ліверпуль» будзе супернічаць з мадрыдскім „Рэалам”, „ПСЖ” згуляе з «Баварыяй», „Ляйпцыг” з „Манчэстэр Сіці”, „Бруге” з „Бенфікай”, „Мілан” пазмагаецца з „Тотэнхэмам”, „Айнтрахт” з „Напалі”, „Барусія” Дортмунд згуляе з „Чэлсі”, а „Інтэр” з „Порту”.

Аляксей Снытко падпісаў паўнавартасны кантракт з менскім „Дынама”

Галкіпер Аляксей Снытко падпісаў паўнавартасны кантракт з менскім «Дынама”. Раней ён знаходзіўся на праглядзе. Пагадненне носіць двухбаковы характар, адзначае прэс-служба клуба. За менскае „Дынама” ў КХЛ Снытко пакуль не выступаў, але правёў чатыры матчы за „Шахцёр” у Экстралізе.

„Ліверпуль” выстаўлены на продаж кампаніяй, якая валодае клубам 12 гадоў

„Ліверпуль” выстаўлены на продаж амерыканскай кампаніяй „Fenway Sports Group”. Пра гэта паведамляе The Athletic. На дадзены момант невядома, з кім вядуцца перамовы і на якой яны стадыі, але FSG адкрыты да прапаноў. Заснавальнік кампаніі Джон Генры набыў „Ліверпуль” у 2010 годзе. За час яго праўлення клуб выйграў Лігу чэмпіёнаў (2019) і прэм’ер-лігу (2020).

Беларускае Радыё Рацыя