На аўкцыёне прадалі лецішча Ніны Багінскай у Пухавіцкім раёне



На аўкцыёне прадалі лецішча вядомай актывісткі Ніны Багінскай у Пухавіцкім раёне.

Удзельнічалі ў ім чатыры асобы (сям’я Багінскай прасіла не ўдзельнічаць у аўкцыёне). Як піша @pozirkonline, пры пачатковым кошце 693 рублі ў выніку за ўчастак было заплачана 727 рублёў.

75-гадовая Ніна Багінская прынцыпова не плаціць штрафы, прысуджаныя за яе акцыі. „Улада сёння адна, затым іншая, — кажа актывістка. — Яна зменіцца, а ўчастак прыватызаваны, ёсць дакументы. У мяне ёсць дзеці, унукі і праўнукі. Па гэтых дакументах яны могуць вярнуць. Улада зменіцца, і праўда будзе на іхным баку”.

Багінская — легендарная ўдзельніца вулічных пратэстаў у Беларусі. Яна неаднаразова выходзіла з нацыянальным сцягам і плакатамі ў цэнтр сталіцы. За гады „несанкцыянаваных мерапрыемстваў” пенсіянерцы налічылі мноства штрафаў. Судом на яе сёлета былі накладзеныя пэўныя абмежаванні.

Беларускае Радыё Рацыя