Прызначана дата суда над журналістам Андрэем Пачобутам
Прызначана дата суда над журналістам Андрэем Пачобутам – паведамляе „Вясна”.

Справу гарадзенскага журналіста і сябра Саюза палякаў у Беларусі пачнуць разглядаць у Гарадзенскім абласным судзе 28 лістапада. Суддзя — Дзмітрый Бубенчык. Пачобута абвінавачваюць у распальванні варожасці і варажнечы і здзяйсненні наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму, а таксама ў закліках да санкцый, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.
Палітвязня затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Гародні. Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Месяц таму КДБ дадаў журналіста ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.