Байдэн: Ракетны выбух у Польшчы быў выкліканы ўкраінскай ракетай супрацьпаветранай абароны (абнаўляецца)
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў лідарам G7 і партнэрам у NATO, што ракетны выбух у Польшчы быў выкліканы ўкраінскай ракетай супрацьпаветранай абароны. Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся на крыніцу ў NATO. Раней, падчас саміту G20 на востраве Балі ў Інданэзіі, Байдэн сказаў, што папярэдняя інфармацыя паказвае, што ракета, імаверна, была выпушчаная не «з Расеі». Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Рышы Сунак заявіў, што смяротны ракетны ўдар у Польшчы падкрэсліў неад’емную пагрозу, якую нясе вайна, але не сказаў, хто выпусціў снарад, піша AFP.
Выступаючы пасля саміту G20 на Балі, Інданэзія, Сунак сказаў, што «нічога з гэтага бы не адбылося, калі б не ўварванне Расеі ва Украіну. Гэта жорсткая і няўмольная рэальнасць пуцінскай вайны».
Сутыкнуўшыся з перспэктывай таго, што вайна перакінулася па-за межы Украіны на тэрыторыю NATO, Сунак сказаў, што ўдар, у выніку якога загінулі два чалавекі, не адбыўся бы, калі б Расея не абстраляла Украіну ракетамі.
***
Агенцтва Associated Press паведаміла: тры афіцыйныя прадстаўнікі ЗША ананімна заявілі пра тое, што ракета, якая ўпала на тэрыторыі Польшчы, магла быць выпушчаная ўкраінскімі войскамі, каб збіць іншую расейскую ракету.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама назваў «малаімаверным» тое, што ракета, якая прывяла да выбухаў і гібелі людзей у Польшчы, была выпушчаная з Расеі.
***
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі паразмаўляў з кіраўніком украінскага ўрада Дзянісам Шмыгалем, паведаміў прэс-сакратар польскага урада Пётр Мюлер. Як ён дадаў, прэм’ер-міністр Украіны заявіў, што ў аўторак Расея нанесла па яго краіне масіраваны ракетны ўдар; многія з іх трапілі на памежныя з Польшчай вобласці.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда размаўляў на гэтую тэму ўначы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. У начной заяве для СМІ ён сказаў, што «на дадзены момант няма адназначных доказаў таго, хто выпусціў ракету, вядуцца расследаванні».
***
Самалёт НАТА, які пралятаў над паветранай прасторай Польшчы 15 лістапада, адсачыў ракету, якая трапіла на тэрыторыю краіны, – паведамляе CNN са спасылкай на вайсковага прадстаўніка альянсу.
“Разведзвесткі з радыёлакацыйнымі слядамі [ракеты] былі прадастаўлены НАТА і Польшчы”, — сказаў ён. Прадстаўнік НАТА не ўдакладніў, хто запусціў ракету і адкуль яна была выпушчаная.
***
У сувязі з падзеямі на ўсходзе Польшчы сёння ў 12 гадзін прэзідэнт Анджэй Дуда склікае пасяджэнне Рады Нацыянальнай Бяспекі. Гэта дарадчы орган прэзідэнта па пытаннях унутранай і знешняй бяспекі дзяржавы. У складзе Рады – маршалы Сейма і Сената, прэм’ер, кіраўнікі Мінабароны, Міністэрстваў унутраных і замежных спраў, старшыні парламенцкіх або дэпутацкіх клубаў ды іншыя высокапастаўленыя палітыкі.
Таксама сёння амбасадар Польшчы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Кшыштаф Шчэрскі на форуме Рады Бяспекі прадставіць польскую пазіцыю ў справе здарэння ў Пшэводаве. Паводле агенцтва Reuters, мае адбыцца надзвычайны саміт лідараў групы G7 (у групу ўваходзяць Германія, Францыя, Італія, Японія, Канада, ЗША і Вялікабрытанія).
Акрамя таго, у НАТА праходзяць кансультацыі саюзнікаў Альянсу.
***
З’явілася першая інфармацыя пра ахвяр падзення расейскай ракеты ў вёсцы Пшэводув у Люблінскім ваяводстве. Паводле звестак Interia, адным з пацярпелых з’яўляецца Багдан В. – жыхар Пшэводава. Жыў з жонкай і цешчай. Як звычайна, 62-гадовы мужчына ўчора выйшаў на працу.
Другі загінулы мужчына – Багдан Ц. – жыў у мясцовасці Сэтнікі, у некалькіх кіламетрах ад Пшэводува.
Абодва – грамадзяне Польшчы. Яны загінулі падчас працы ў сушылцы.
***
Злучаныя Штаты і іх саюзнікі з НАТА вывучаюць справу выбуху, які забіў два чалавека на тэрыторыі ў Польшчы, але папярэдняя інфармацыя паказвае, што выбух не абавязкова быў выкліканы ракетамі, якія запусцілі з Расеі – такія словы прагучалі з вуснай прэзідэнта ЗША Джо Байдэна пасля надзвычайнай сустрэчы лідараў краін G2. На Балі акурат праходзіць саміт “Вялікай дваццаткі”. Байдэна пры гэтым падкрэсліў: “… не хачу выказвацца да таго часу, пакуль мы поўнасцю не вывучым справу, але мала верагодна, беручы пад увагу траекторыю, што ракеты былі запушчаны з Расеі, але пабачым”, – сказаў амерыканскі лідар.
Уначы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сказаў, што “верагодна, што ракета, якая ўпала ў некалькіх кіламетрах ад польска-украінскай граніцы,.. была расейскай вытворчасці”.
***
Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Сявера паведаміў, што прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Пасля размовы з Байдэнам Дуда патэлефанаваў Зяленскаму.
***
Прадстаўнік польскага ўрада Пётр Мілер заявіў, што Варшава правярае, ці патрэбна актываваць 4-ы артыкул НАТА (скліканне ўсіх членаў альянсу для кансультацыі па пытаннях бяспекі).
Таксама ўлады Польшчы падвысілі баягатовасць некаторых вайсковых адзінак.
Генсек НАТА Енс Столтэнберг правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Таксама заяўлена, што саюзнікі па Альянсе праводзяць кансультацыі.
***
Расейскае Міністэрства абароны заявіла, што ніякага дачынення да меркаванага падзення ракет непадалёк ад украінска-польскай мяжы і гібелі ў выніку гэтага двух людзей яно не мае.
***
Улады ўсіх трох краін Балтыі — Літвы, Латвіі і Эстоніі — ужо адназначна выказаліся ў падтрымку Польшчы, тэрыторыя і жыхары якой пацярпелі ад расейскіх ракет, і заявілі пра неабходнасць узгодненага адказу НАТА.
***
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі склікаў тэрміновае паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны ў звязку з «крызіснай сітуацыяй», паведамілі ў польскім урадзе.
«У звязку з крызіснай сітуацыяй прэм’ер-міністр Маравецкі па ўзгадненні з прэзідэнтам Дудам распарадзіўся склікаць Бюро нацыянальнай бяспекі з сябрамі Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны», – сказаў прэс-сакратар урада краіны Пётр Мілер.
Мілер дадаў, што ўрад будзе паведамляць кожную інфармацыю, якая будзе апублікаваная, і папрасіў «не выдаваць непацверджаныя звесткі».

Дзве расейскія ракеты ўдарылі па тэрыторыі Польшчы, у Люблінскім ваяводстве, Грубяшоўскім павеце.
Адна з іх папала ў збожжасушылку. Паводле папярэдніх звестак, два чалавекі загінулі.
У Варшаве скліканае тэрміновае пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.
Ракеты прыляцелі ў вёску Пераводаў Грубяшоўскага павету на тэрыторыю зернесушылкі.
Паводле папярэдніх звестак выбухам знішчаны трактар, ёсць пашкоджанні інфраструктуры. На месцы выбуху нібыта ўтварылася варонка.
Афіцыйнай інфармацыі пра здарэнне пакуль няма. Люблінскі ваявода Лех Спраўка паведаміў, што ён едзе на месца здарэння.
Пераводаў знаходзіцца за 5 кіламетраў ад мяжы з Украінай.
Паводле інфармацыі Radio ZET, на тэрыторыю вёскі ўпалі дзве ракеты, якія збіліся з курсу.
Array