Менскае „Дынама” пацярпела разгромную паразу ад СКА



Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі другі матч запар у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У апошнім матчы выязной серыі дынамаўцы сустракаліся з лепшай камандай КХЛ – піцерскім СКА. У першым перыядзе каманды абышліся без закінутых шайбаў, лік быў адкрыты гасцямі на старце наступнай трэці, калі вызначыўся Павел Варфаламееў. Зрэшты, усяго праз дзве хвіліны „армейцы” зраўнялі лічбы, а неўзабаве і выйшлі наперад, але ненадоўга: другая шайба гаспадароў была адменена пасля відэапрагляду. Узяць сваё хакеісты СКА змаглі ўжо ў фінальным адрэзку. На працягу дзесяці хвілін пецябруржцы адправілі ў брамку беларускай каманды адразу шэсць шайбаў, „бела-блакітныя” здолелі адказаць толькі шайбай Сяргея Сапегі – разгромная параза „Дынама” з лікам 2:7. Падначаленыя Крэйга Вудкрафта з 32 баламі працягваюць ісці на 6-м месцы ў канферэнцыі, хоць перавага над 9-й камандай скарацілася да аднаго ачка. Наступны матч „зубры” правядуць 17 лістапада супраць „Сібіры”: гэтай сустрэчай „Дынама” пачне хатнюю серыю з чатырох паядынкаў.

„Нёман” выйграў шосты матч запар

Трыма матчамі ў Гародні, Берасці і Жлобіне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Праз суткі ў экстралізе зноў змяніўся лідар – першы радок вярнуў „Нёман”, які на выездзе гуляў з „Дынама-Маладэчна”. Па ходу гульні гарадзенцы саступалі з лікам 1:3, але затым адправілі ў брамку гаспадароў пяць шайбаў, якія дазволілі адсвяткаваць упэўненую перамогу – 6:3. Дубль за „Нёман” аформіў Герман Паддубны, чатыры галявыя перадачы аддаў Вячаслаў Андрушчанка. У дзвюх іншых сустрэчах дня для вызначэння пераможцы асноўнага часу не хапіла. Жлобінскі „Металург” у авертайме зламіў супраціў аршанскага „Лакаматыва” – 3:2. З такім жа лікам „Хімік” абыграў „Брэст”, навапалачане апынуліся дакладней у серыі булітаў. Услед за „Нёманам” у табліцы экстралігі размяшчаецца „Шахцёр”: у „гарнякоў” таксама 34 балы, але меншая колькасць перамог.

Жаночая зборная Беларусі па футболе завяршыла сезон

Футбалісткі жаночай зборнай Беларусі завяршылі сезон нічыёй у гасцявым спарынгу з камандай Ірана. Пасля першага тайма кантрольнага паядынку беларускія спартоўкі прайгравалі з лікам 0:1, а пасля перапынку Карына Альховік аднавіла парытэт – 1:1. У першым таварыскім матчы падначаленыя Юрыя Малеева саступілі іранкам 0:1. Цяпер у рэйтынгу жаночых зборных Міжнароднай федэрацыі футбола Беларусь займае 55-е месца, Іран знаходзіцца на 69-й пазіцыі.

Трэнерскі штаб „Энергетыка”-БДУ ў поўным складзе працягне працу з камандай у будучым сезоне

Трэнерскі штаб „Энергетыка”-БДУ на чале з Паўлам Раднёнкам і пры ўдзеле Анатоля Юрэвіча працягнуць працу з камандай у будучым сезоне. Пра гэта расказаў дырэктар клуба Аляксандр Захарчэня. А вось лепшы бамбардзір чэмпіянату Беларусі Бабір Абдзіхолікаў расказаў, што, хутчэй за ўсё, пакіне „Энергетык”-БДУ, бо хоча далей расці, як футбаліст.

Мюнхенская „Баварыя” дэлегуе найбольшую колькасць гульцоў у зборныя на мундыяль

Мюнхенская „Баварыя” стала лідарам сярод дэлегаваных гульцоў на планетарны форум у Катары. У заяўкі зборных удзельніц турніру трапілі адразу 17 гульцоў „Баварыі”, паведамляе Bayern & Germany. На аднаго гульца менш адправіла на чэмпіянат свету „Барселона” (16). Адразу за каталонцамі размясціліся „Манчэстэр Сіці” (15) і „Манчэстэр Юнайтэд (14). Замыкае пяцёрку мадрыдскі „Рэал” — 13 футбалістаў. Нагадаю, 22-гі розыгрыш чэмпіянату свету па футболе, які на гэты раз пройдзе ў Катары, стартуе 20 лістапада.

Надаль прайграў другі матч на выніковым турніры АТР

Іспанец Рафаэль Надаль пацярпеў другую паразу запар на выніковым турніры Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у італьянскім Турыне. У другім туры спаборніцтваў у „зялёнай” групе Надаль, які займае другое месца ў сусветным рэйтынгу, за дзве гадзіны прайграў канадскаму тэнісісту Феліксу Ожэ-Альясіму, у якога шостая пазіцыя, – 3:6, 4:6. У стартавым матчы Рафаэль Надаль саступіў амерыканскаму тэнісісту 9-аму нумару сусветнага рэйтынгу Тэйлару Фрыцу – 6:7 (3:7), 1:6.

Беларускае Радыё Рацыя