Ян Чыквін пакідае пасля сябе неацэнны здабытак для беларускай культуры



На праваслаўных старых могілках у Бельску Падляшскім знайшоў свой апошні спачын прафесар Ян Чыквін. Беларускі літаратар, шматгадовы старшыня аб’яднання „Белавежа”, філолаг і перакладчык памёр 14 лістапада на 82 годзе жыцця. У апошняй дарозе праводзілі яго сябры літаратары, грамадскія дзеячы, знаёмыя і сям’я. 

– Ян Чыквін пакідае пасля сябе вялікі след. Неацэнны здабытак для беларускай літаратуры, культуры наогул і беларускай грамадскасці – гэта, як кажуць, будзе жыць вечна.

– Заўсёды стараўся друкаваць іншых. Не раз, не два, не тры прапаноўваў даслаць мне свае тэксты ў „Тэрмапілы”. Заўсёды думаў пра іншых, каб нам было месца на старонках гэтага часопіса.

– Янка вялікі эрудыт, еўрапеец, сусветна вядомы чалавек, але ўвогуле душа незвычайная па тэмпераменце і ўвогуле па глыбіні ведаў. Відаць, такія аратыя на тамтэйшай ніве патрэбныя Богу.

Дэбютаваў на старонках „Нівы” яшчэ ў 1957 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Іду», «Святая студня» , «Свет першы і апошні». З 1970 года Ян Чыквін быў сябрам Саюза польскіх пісьменнікаў, старшынём Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа”, галоўным рэдактарам часопісу „Тэрмапілы”.

Беларускае Радыё Рацыя