Дзяржынскі „Арсенал” адолеў футбалістаў „Макслайна” ў першым пераходным матчы
Футбалісты дзяржынскага „Арсенала” святкавалі перамогу над рагачоўскім „Макслайнам” 3:2 у першым пераходным паядынку за права выступаць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі ў 2023 годзе. У першым тайме сустрэчы ў Гарадзеі Валерый Сянько і Яўген Гулецкі (з пенальці) двойчы забілі гасцям, а пасля перапынку Глеб Расадкін забіў яшчэ адзін мяч. Прадстаўнікі першай лігі адказалі галявым дублем Ягора Карцава. У мінулым чэмпіянаце дзяржынскі „Арсенал” заняў 14-е месца ў элітным дывізіёне, а „Макслайн” фінішаваў на 4-й пазіцыі ў першай лізе. Гульня ў адказ адбудзецца 20 лістапада ў Рагачове.
Беларускія футбалісты ўпершыню згуляюць з камандай Сірыі
Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі правядуць у Дубаі першы з двух кантрольных матчаў. Сёння на полі стадыёна „Шабаб Аль-Ахлі” падначаленыя Георгія Кандрацьева сустрэнуцца з камандай Сірыі. Раней беларусы і сірыйцы ні разу не сустракаліся на роўні нацыянальных зборных. Цяпер у рэйтынгу ФІФА Беларусь займае 97-е месца, Сірыя знаходзіцца на 90-й пазіцыі.
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі разграмілі іранцаў
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) упэўнена перайгралі равеснікаў з Ірана з лікам 3:0 у першым таварыскім матчы. На газоне „Барысаў-Арэны” беларусы мелі перавагу, правялі нямала атак, і на 38-й хвіліне Андрэй Рылач адкрыў лік. У пачатку другога тайма Мікіта Баранок забіў другі мяч, а незадоўга да фінальнага свістка Уладзіслаў Ложкін усталяваў канчатковы лік – 3:0.
У суботу беларускія і іранскія футбалісты сустрэнуцца на полі менскага стадыёна „Трактар”.
Хакеісты менскага „Дынама” пачынаюць хатнюю серыю ў КХЛ
Хакейнае менскае „Дынама” сёння пачне чарговую хатнюю серыю матчаў у рамках рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Супернікам „зуброў” стане „Сібір” з Новасібірска. Абедзве каманды знаходзяцца ў зоне плей-оф сваіх канферэнцый: дынамаўцы з 32 ачкамі ідуць 8-мі на Захадзе, „Сібір” размяшчаецца на 5-й пазіцыі Усходу, маючы 37 балаў. Чарговае супрацьстаянне „зуброў” і сібіракоў стартуе на „Мінск-Арэне” ў 19.10 па беларускім часе.
Гандбалісткі Даніі сталі апошнімі паўфіналісткамі чэмпіянату Еўропы.
Гандбалісткі зборнай Даніі сталі апошнімі паўфіналісткамі жаночага чэмпіянату Еўропы. У заключным паядынку 1-й папярэдняй групы датчанкі перамаглі дзейных чэмпіёнак кантынента нарвежак з лікам 31:29. Такім чынам, 18 лістапада ў паўфіналах у Любляне нарвежкі згуляюць з францужанкамі, а датчанкі будуць супернічаць з чарнагоркамі.
Новак Джокавіч стаў другім паўфіналістам выніковага турніру АТР
Серб Новак Джокавіч прабіўся ў паўфінал выніковага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у італьянскім Турыне. Сваю другую вікторыю ў спаборніцтвах Чырвонай групы восьмы нумар сусветнага рэйтынгу святкаваў над расейскім тэнісістам Андрэем Рублёвым, у якога сёмая пазіцыя, – 6:4, 6:1.
„Барселона” падасць апеляцыю на трохматчавую дыскваліфікацыю Левандоўскага
„Барселона” абскарджвае дыскваліфікацыю Роберта Левандоўскага. Пра гэта паведамляе сайт клуба.
Польскі нападнік каталонцаў быў выдалены ў матчы супраць „Асасуны” , атрымаўшы дзве жоўтыя карткі да 30-й хвіліны. Сыходзячы ў падтрыбуннае памяшканне, ён жэстыкуляваў у адрас суддзі Хесуса Хіля Мансана. Форварда дыскваліфікавалі на адзін матч за выдаленне, а яшчэ на два – за непавагу да арбітра.
Постэр з выявай Крышціяну Раналду знялі з фасада „Олд Трафард”
Постэр з выявай форвард „Манчэстэр Юнайтэд” Крышціяну Раналду знялі з фасада хатняга стадыёна клуба „Олд Трафард”. На фасадзе быў размешчаны агульны фатаздымак легендарных гульцоў клуба, якія выступалі за „чырвоных д’яблаў” пад 7-м нумарам: Раналду, Дэвіда Бэкхэма, Эрыка Кантана і іншых футбалістаў.
Плакат знялі неўзабаве пасля скандальнага інтэрв’ю, у якім Раналду жорстка раскрытыкаваў „МЮ”, а таксама заявіў, што не паважае галоўнага трэнера каманды Эрыка Тэн Хага.
Беларускае Радыё Рацыя