Прэзентаваны даклад: “ГУБАЗіК – карны падраздзел рэжыму па барацьбе з іншадумствам”
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прэзентаваў даклад: “ГУБАЗіК – карны падраздзел рэжыму па барацьбе з іншадумствам”.

Справаздача грунтуецца на масавых парушэннях праў чалавека і злачынствах з боку сілавых органаў у Беларусі на працягу 2020-2022 гадоў.
Эксперты прааналізавалі 33 інтэрв’ю асобаў, апытаных Камітэтам у розны час. На аснове іх расповедаў і быў створаны дакумент.
Пра даклад і рэальныя жыцці людзей наш карэспандэнт паразмаўляла з прадстаўніком камітэту.
РР: Чым менавіта здзівіў гэты даклад?
– Насамрэч ён мяне здзівіў колькасцю злачынстваў, таму што я першы раз паглядзела з розных бакоў на розныя злачынствы, якія стварае і ствараў ГУБАЗіК. Таму што праз апошнія два гады мы часта чулі вельмі разрозненую інфармацыю пра тое, што яны робяць, як яны займаюцца палітычным вышукам, як яны прымушаюць людзей запісваць гэтыя «пакаяльныя» відэа, як яны праводзяць аблавы і вобшукі і г.д. Але гэта заўсёды была адна навіна, адзін артыкул. А зараз я прачытала ўсё гэта агулам і пабачыла наколькі ўсё сістэматызавана ў іх, наколькі гэта сапраўдныя карныя аддзелы на паслугах рэжыму. І што гэта сапраўды нейкае гестапа, якое было пры савецкім часе.
РР: Прыгадай, калі ласка, гісторыю, якая цябе закранула найбольш.
– Найбольш, як заўсёды, кранаюць гісторыі людзей. Таму што калі ты чытаеш цытаты інтэрв’ю, а даклад гэты падрыхтаваны на падставе 33-х інтэрв’ю жывых сапраўдных беларусаў, якія прайшлі праз рукі ГУБАЗіКа. І калі ты чытаеш цытаты пра тое, што чалавек думае, што яму трэба знайсці лязо і шнурок для таго, каб ён пры выпадку мог забіць сябе. Гэта сапраўды страшна. Калі ты чытаеш пра тое, што людзі выходзяць сіняга, фіялетавага колеру. Калі яны прымушаюць людзей пераступаць не проста праз свае погляды, у сэнсе не проста сказаць, што я люблю прэзідэнта, ці нешта яшчэ, а яны прымушаюць, напрыклад, маці адмаўляцца ад свайго сына – гэта зусім іншы ўзровень здзеку, які яны праводзяць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя