Пра помнік жаўнерам 1920 года…
Выйшаў чарговы нумар электроннай версіі газеты “Наша слова.pdf”. У ім даследчык беларуска-індзейскіх сувязяў Алесь Сімакоў працягвае публікаваць вялікі даследчы артыкул “Беларусы сустракаюцца з індзейцамі”.

Алесь Хітрун з Ліды прыгадаў жыццёвы і творчы шлях лідскага паэта і журналіста Тадэвуша Чарнавуса, якога не стала 5лістапада. Пры жыцці творы Тадэвуша Чарнавуса гучалі па агульнабеларускім радыё, друкаваліся ў газеце „Літаратура і мастацтва”, іншых сродках масавай інфармацыі ды літаратурных часопісах. Але, калі яны захаваліся хіба толькі ў
архівах саміх рэдакцый, то агульныя паэтычныя зборнікі, у якіх паэт са сваімі вершамі разам з іншымі паэтамі стукаўся да чытацкіх сэрцаў, можна і сёння знайсці ў бібліятэках. А іх шмат: „Вёсны” (1976 г.) і „Квадра” (1982 г.) – выдавецтва Белдзяржуніверсітэта, „Краю, мой Нёман” (1986 г., прадмова Васіля Быкава, укладальнік – Данута Бічэль-Загнетава, рэдактар – Юрка Голуб, дзяржаўнае выдавецтва „Мастацкая літаратура”), „Шануйце роднае слова” (2008 г.), „Мой любы горад Ліда” (таксама 2008 г.), „Мой горад – гонар мой” (2013 г.). Апошнія тры надрукаваны ў Лідскай друкарні і іншыя.
“Мы, беларусы, у адрозненне ад нашых суседзяў па паўднёвай, заходняй і паўночнай межах, не ваюем з мёртвымі”, – сцвярджаецца на сайце “Лідскай газеты” (http://lidanews.by/news/life/27139news.html) у артыкуле, у якім ідзе гаворка і пра пашкоджанне помніка каля вёскі Феліксава Лідскага раёна.
Не ўваходзячы ў спрэчкі з аўтарам артыкула і ва ўсе перыпетыі вакол гэтага помніка, узнікшыя ў наш час, — піша Станіслаў Суднік, — звярнуся толькі да пытання, што гэта за помнік і па кім ён там стаіць. У свой час гісторыяй гэтых мясцін займаўся былы рэдактар “Лідскай газеты” Аляксандр Жалкоўскі, але пра гэта пазней. На помніку напісана па-польску “Жаўнерам 1920 года”. Што ж было ў гэтых мясцінах у 1920 годзе. А была тут так званая “Нёманская бітва”, дакладней, фрагмент гэтай вялікай бітвы. Бітва апісана ў многіх крыніцах, але найлепшае апісанне гэтага фрагмента ўдалося знайсці ў кнізе “Bitwa Niemenska”, выдадзеная ў Беластоку ў 2000 годзе. Найбольш каштоўнай часткай кнігі з’яўляюцца рэляцыі (данясенні), а па факце – успаміны ўдзельнікаў бітвы. У кнігу яны ўзяты з Цэнтральнага вайсковага архіва – Вайсковага гістарычнага бюро Польшчы. Для нас найбольш цікавы раздзел “Z dni chwaly 1 dywizji Litewsko-Bialoruskiej 14-27.IX.1920 r.”. Рэляцыя не падпісана, але па тым, што найбольшая ўвага ўдзяляецца Менскаму палку і ў тэксце трапляюцца некаторыя беларусізмы (няшмат), можна зрабіць выснову, што пісаў яе афіцэр менавіта Менскага палка 1-й Літоўска – Беларускай дывізіі… Больш падрабязна пра гэта чытачы даведаюцца са свежага нумару “Нашага слова”. А таксама прачытаюць шмат іншай цікавай інфармацыі.
Беларускае Радыё Рацыя