Блогера Дзмітрыя Цімафеева пераводзяць з „хіміі” ў калонію



У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска разглядзелі справу аб змене пакарання палітзняволенаму баранавіцкаму блогеру Дзмітрыю Цімафееву на больш жорсткае. Суд пастанавіў перавесці палітвязня з папраўчай установы адкрытага тыпу ў папраўчую калонію тэрмінам на тры месяцы і 15 дзён.

Гэта была ўжо другая спроба адміністрацыі віцебскай ПУАТ узмацніць пакаранне Цімафееву. У першы раз суд адмовіў, палічыўшы рашэнне заўчасным.

З чэрвеня палітвязня ўтрымлівалі больш за 70 сутак у штрафным ізалятары па надуманых прычынах, а на судзе ён заявіў пра невыносныя ўмовы ўтрымання ва ўстанове.

За час зняволення ў Дзмітрыя вельмі сапсавалася здароўе: пачаліся сур’ёзныя праблемы з зубамі, выявілі хранічны дыябет і грыжу.

Вясна