Не далі да канца прайсці пракос
19 лістапада спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Міхася Ракевіча (1927-1992) – аднаго з кіраўнікоў слонімскай моладзевай антысталінскай арганізацыі “Чайка”, арганізатара падполля ў Берасці ў 1946-1947 гадах, вязня савецкіх турмаў і лагераў.
Пасля Другой сусветнай вайны прышлы люд з усходу пад выглядам вызваліцеляў пачаў таптаць сваім чужацкім ботам нашы святыні: мову, культуру, нацыянальныя каштоўнасці. Выхаваны ў атмасферы шчырасці і павагі да людзей, юны Міхась Ракевіч балюча перажываў усё гэта. Таму ён адразу знайшоў сваё месца ў патрыятычнай падпольнай арганізацыі “Чайка”, якая ўзнікла на Слонімшчыне вясной 1946 года. У Берасцейскім чыгуначным тэхнікуме ён стварыў падпольную групу, а ў арганізацыі “Чайка” быў па сутнасці правай рукой кіраўніка падпольнай арганізацыі Васіля Супруна. Арганізацыя “Чайка” за адзін год існавання стварыла падпольныя групы, акрамя Слоніма, яны ўзніклі ў Баранавічах, Берасці, Ганцавічах, Пінскай і Маладзечынскай абласцях. Барацьба за свабоду і незалежнасць Беларусі была няроўнай, але нішто не магло спыніць гарачыя сэрцы патрыётаў Васіля Супруна, Міхася Ракевіча, Аляксандра Гардзейку, Уладзіміра Салаўя і многіх іншых. У чэрвені 1947 года пачаліся арышты.
Міхасю Ракевічу нават не далі да канца прайсці пракос на лузе каля бацькоўскай хаты. У хаце ператрэслі ўсё дагары нагамі, забралі фотакарткі і розныя паперы. Пацяклі бясконцыя ночы ў Баранавіцкай следчай турме “Крывое кола” і ў Менскай турме-“амерыканцы”. Прысуд быў суровы: 25 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў высылкі.
Далей жыццёвы шлях Міхася Ракевіча ляжаў у Паўночную Інту і Варкуту. У сырых загазаваных шахтах здабываў вугаль да 1956 года. Але і пасля вызвалення з турмы вымушаны быў застацца працаваць у шахтах Інты.
Спрабаваў некалькі разоў уладкавацца на работу ў шахцёрскім Салігорску, але заўсёды атрымліваў адмоўны адказ. Патрыёту Беларусі дазвалялася працаваць толькі ў паўночных раёнах Расеі. Так і дажыў да пенсіі ў Інце. Ніколі не парываў Міхась Ракевіч кроўнай сувязі з сябрамі ў роднай Беларусі. 3 вялікай асалодай чытаў беларускія газеты і часопісы, якія рэгулярна выпісваў. Змог вярнуцца ў родны Слонім толькі ў канцы 1980-х гадоў ужо зусім хворым чалавекам.
Не стала Міхася Ракевіча напачатку сакавіка 1992 года. Знайшоў ён свой вечны спакой на могілках у вёсцы Клепачы Слонімскага раёна. Праводзілі яго ў апошні шлях амаль што ўсе жыхары з вёсак Ваўчкі і Клепачы.
Былы настаўнік і сваяк Міхася Ракевіча Мікалай Ракевіч, неяк прыгадаў Міхася: “У адзін свой прыезд з Інты, яшчэ задоўга да сваёй смерці, Міша пры сустрэчы са мной выказаў такую думку: “Калі б мне за “Чайку” далі тэрмін гадоў тры, я быў бы нават удзячны свайму лёсу за гэта. У лагеры я пабачыў столькі разумных, адукаваных і выхаваных людзей, якіх на волі мала сустракаў. Самых таленавітых, сумленных, адданых Беларусі грамадзян існуючая сістэма старася як мага хутчэй адправіць за калючы дрот, каб пазбавіцца ад іх”.
Беларускае Радыё Рацыя
Array

