У матчы адкрыцця Эквадор перамог зборную Катара



20 лістапада ў матчы адкрыцця футбольнага чэмпіянату свету ў Катары дружына Эквадора ўпэўнена перамагла каманду гаспадароў – 2:0.

Ужо на 2-й хвіліне мяч пабываў у браме катарцаў, але VAR угледзеў у аднаго з эквадорцаў мікраскапічны афсайд. Гэта не збянтэжыла паўднёваамерыканцаў і яны працягнулі свае атакі. У першым тайме іх лідар Энер Валенсія двойчы дамагаўся поспеху – спярша рэалізаваў законны пенальці, а пасля эфектна завяршыў камбінацыю галавой. Валенсія ўжо забіваў на чэмпіянаце 2014 года (3 галы). Цяпер з 5 мячамі ў фінальных турнірах ён стаў аднаасобным рэкардсменам Эквадора.

Энер Валенсія

Катар зусім бездапаможна глядзеўся ў першым тайме і мала лепш у другім. Засталося ўражанне, што эквадорцы проста пашкадавалі гаспадароў турніру і не сталі граміць супернікаў. Такім чынам у групе „А” пасля першага матчу з’явіўся аднаасобны лідар.

Беларускае Радыё Рацыя