Ваеннаабавязаных Менскай вобласці выклікаюць у ваенкаматы



У ваенныя камісарыяты Менскай вобласці выклікаюць ваеннаабавязаных для зверкі ўліковых дадзеных.

Пра гэта паведамілі ў Менскім абласным выканкаме. Кампанія па зверцы дадзеных пачалася 14 лістапада. У яе рамках праводзіцца “кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных”. Пры з’яўленні ў ваенкамат трэба мець пры сабе ваенны білет і іншыя дакументы, якія ўказваюцца ў павестцы.

Улады запэўніваюць, што зверка дадзеных займае не больш за 20 хвілін. Пасля яе правядзення чалавек атрымае адзнаку ў павестцы. Раней у Мінабароны заявілі, што да канца года камісарыяты выклічуць усіх ваеннаабавязаных. Там запэўнілі, што праверка носіць планавы характар.