Праз халады свае дамы пакінуць яшчэ 2-3 мільёны ўкраінцаў
Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) чакае, што яшчэ 2-3 мільёны ўкраінцаў пакінуць свае дамы праз халады пасля пашкоджання энергетычнай інфраструктуры Украіны. Пра гэта паведаміў дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Ганс Клюге.

«Палова энергетычнай інфраструктуры Украіны альбо пашкоджаная альбо разбураная. Гэта ўжо негатыўна адбіваецца на сістэме аховы здароўя і на здароўі людзей. Прасцей кажучы, гэтая зіма будзе на выжыванне», — сказаў ён у Кіеве.
Па словах прадстаўніка САЗ, атакі на медычную і энергетычную інфраструктуру прывялі да таго, што сотні шпіталёў і медычных установаў больш не працуюць на поўную магутнасць, не хапае паліва, вады і электрычнасці для задавальнення асноўных патрэбаў.
Беларускае Радыё Рацыя