Абвінавачанне просіць ад 14 да 20 гадоў фігурантам «справы АГСБ»
Абвінавачанне запытала абвінавачаным па справе атрадаў грамадзянскай самаабароны (АГСБ) ад 14 да 20 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Пракурор запытаў для Наталлі Мацвеевай 14 гадоў калоніі і штраф у 400 базавых велічынь, Вадзіма Гулевіча – 18 гадоў калоніі і штраф у 600 базавых, Кірыла Ашурка – 15 гадоў калоніі і штраф у 400 базавых, Аляксея Глотава і Дзмітрыя Сасноўскага – па 20 гадоў калоніі 700 базавых штрафу.
У справе пяць абвінавачаных. Ім інкрымінуюцца акт тэрарызму, удзел у арганізацыі, створанай для тэрарыстычнай дзейнасці, праходжанне навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці, незаконны выраб або збыт зброі, насілле ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча, удзел ва ўзброеным фарміраванні за мяжой, распальванне варожасці.
Гулевіч, Ашурак і Глотаў былі затрыманыя па справе аб падрыве вузла сувязі ў Вілейцы, Мацвеева – па справе аб спробе знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах, Сасноўскі – па справе аб замаху на Рыгора Азаронка.
Падчас суда Сасноўскаму перакваліфікавалі абвінавачанне з „падрыхтоўка да акта тэрарызму” на „акт тэрарызму”. Ён не прызнаў сваёй віны і заявіў аб катаваннях з боку супрацоўнікаў КДБ. Па ягоных заявах была праведзеная пракурорская праверка, але ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць аператыўнікаў было адмоўлена.