ЧС. Польшча-Мексіка-0:0

Пасля выніковых матчаў на мундыялі надышла „засуха”. Спярша Туніс і Данія разышліся па нулях, пры тым фаварыты еўрапейцы не здолелі пераадолець адчайную абарону „арлоў Карфагену”.
Пасля гэтага на поле выйшлі дружыны Польшчы і Мексікі. У першым тайме была досыць роўная барацьба, але крыху вастрэй деілі мексіканцы. Але польская дэфензіва на чале з Камілем Глікам, які праводзіў 100-ы матч за рэпрэзентацыю, выглядала надзейнай.
Больш вастрыні з’явілася ў другой палове. А найбольш цікавы момант здарыўся пасля таго, як пасля прагляду VAR арбітр прызначыў пенальці ў браму лацінаамерыканцаў. Аднак Роберт Левандоўскі, які звычайна ўдала выконвае 11-мятровыя за зборную, на гэты раз схібіў. Дасведчаны брамнік Гільерма Ачоа адбіў яго ўдар.
Пасля гэтага гульня ішла з пераменным поспехам, але дамагчыся гола ніхто так і не здолеў. У выніку 0:0. Польшча, у адрозненне ад мінулых сваіх чэмпіянатаў, на гэты раз не прайграла.
Становішча ў групе пасля першага туру нечаканае: 1. Савудаўская Арабія – 3 ачкі, 2-3. Польшча і Мексіка – па 1, 4. Аргенціна – 0.
Беларускае Радыё Рацыя