ЧС. Францыя ўпэўнена перамагла Аўстралію



Апошні матч чарговага дня мундыялю скончыўся ў адпаведнасці з прагнозамі. Дружына Францыі на класе ўпэўнена адолела прадстаўнікоў „Зялёнага кантынента”. Пры тым аўстралійцы адкрылі лік ужо на 9-й хвіліне – дэбютны гол святкаваў Крэйг Гудвін. Але яшчэ да перапынку „трохкаляровыя” не толькі адыграліся, але і выйшлі наперад – 2:1. З такім лікам завяршылася спатканне супернікаў на мінулым чэмпіянаце. Зараз жа французы пайшлі далей. Другі тайм прайшоў з іх істотнай перавагай і яны яшчэ двойчы святкавалі поспех. Пры тым дублем вызначыўся форвард Аліўе Жыру. Гэты нападнік мае цяпер на сваім балансе 51 гол і дагнаў рэкардсмена нацыянальнай дружыны Цьеры Анры, у якога такі ж голавы капітал.

Характэрна, што тры мячы ў гэтай сустрэчы французы забілі галавой.

Сустрэча аднак паказала, што калі ў атацы чэмпіёны свету па-ранейшаму грозная сіла, то ў абароне французы далёка не бездакорныя. Наколькі гэта сур’ёзна – выявіць наступная гульня з Даніяй.

Францыя-Аўстралія – 4:1 (Раб’ё, 27, Жыру, 32, 71, Мбапэ, 68; Гудвін, 9).

Становішча ў групе D пасля першага туру такое: 1. Францыя – 3 ачкі; 2-3 Данія і Туніс – па 1, 4. Аўстралія – 0.

Беларускае Радыё Рацыя