Агляд прэсы: незадаволенасць як небяспека
Канада абвесціць новыя санкцыі супраць Беларусі за падтрымку вайны Расеі ва Украіне. Чаму Турцыя наносіць удары па курдах у Сірыі і Іраку? У Партугаліі выявілі расізм у паліцэйскім асяроддзі. ФІФА забараніла вясёлкавую капітанскую павязку. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Міністар замежных справаў Мэлані Джолі абвясціла пра новыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на падтрымку вайны Расеі супраць Украіны.
У заяве Джолі гаворыцца, што беларускае кіраўніцтва спрыяе парушэнням правоў чалавека і дазваляе краіне служыць стартавай пляцоўкай для нападаў Расеі», – перадае канадская газетаThe Globe and Mail.
«Канада дадала ў санкцыйны спіс 22 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку людзей, якія маюць дачыненне да размяшчэння і транспарціроўкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі. Санкцыі таксама закранаюць 16 беларускіх прадпрыемстваў ваеннага, тэхнічнага, машынабудаўнічага, банкаўскага і чыгуначнага сектараў. Пра гэта стала вядома, калі лідар апазіцыі ў выгнанні Святлана Ціханоўская выказала намер наведаць Атаву для сустрэч з Джолі, чальцамі парламента і сенатарамі, каб абмеркаваць саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне і важнасць захавання дэмакратыі ў Беларусі. Лукашэнка прыйшоў да ўлады на выбарах 2020 года, якія шмат хто лічыў фальсіфікаванымі. Ціханоўская, галоўная канкурэнтка ад апазіцыі, збегла ў Літву пасля галасавання пад афіцыйным ціскам, і ўрад разгарнуў шырокі разгон пратэстаў, арыштаваўшы больш за 35 000 чалавек. Поўнае грэбаванне правамі чалавека з боку прэзідэнта Лукашэнкі як унутры краіны, так і за мяжой, не мае апраўдання. Гэтыя меры будуць аказваць дадатковы ціск на беларускае кіраўніцтва. Лукашэнка павінен перастаць быць інструментам расейскага рэжыму», – падкрэслівае канадскае выданне.
***
Пасля нанясення авіяўдараў па пазіцыях Рабочай партыі Курдыстана і курдскіх Атрадаў народнай самаабароны ў Сірыі і Іраку Анкара падумвае аб правядзенні наземнай аперацыі. Свае авіяўдары турэцкія ўлады апраўдваюць тым, што гэта, маўляў, рэакцыя на нядаўні тэракт, ажыццёўлены на адной з вуліц Стамбула. Пры гэтым абодва курдскія рухі: і РПК, і Атрады народнай самаабароны заявілі, што не маюць дачынення да тэракту. На думку большасці СМІ, прычыны турэцкіх бамбардзіровак трэба шукаць у іншым месцы. «Хоць ЗША і Расея і далі дабро на нанясенне ўдараў па поўначы Сірыі, гэта зусім не азначае, што яны дадуць «зялёнае святло» правядзенню наземнай аперацыі», – піша турэцкая газета Evrensel, крытычна настроеная ў адносінах да ўладаў.
«Абедзве імперыялістычныя дзяржавы не жадаюць канфрантацыі з урадам Эрдагана. Аднак яны спрабуюць не дапусціць таго, каб Турцыя зрабіла крокі, якія аслабілі б іх уласныя пазіцыі ў Сірыі. Вядома, што Эрдаган настойвае на правядзенні аперацыі таму, што гэта звязана з яго ўласнымі палітычнымі патрэбамі, хаця відавочна, што падобным спосабам праблему тэрарызму не вырашыць. Такая аперацыя, па ўсёй верагоднасці, дазволіць ураду Эрдагана стварыць у грамадстве атмасферу «нацыянальнага адзінства» – каб прыцягнуць на свой бок народ для правядзення нацыяналістычнай палітыкі», – падкрэслівае турэцкае выданне.
***
У Партугаліі разгарэўся скандал вакол паведамленняў расісцкага кшталту, апублікаваных у сацыяльных сетках супрацоўнікамі мясцовай паліцыі. Выявіць гэта ўдалося дзякуючы расследаванню, праведзенаму журналістамі аднаго з тэлеканалаў. Генеральная пракуратура і генеральная інспекцыя па справах унутранай адміністрацыі аб’явілі аб пачатку расследавання. Партугальская прэса разважае аб прычынах сітуацыі, якая склалася, а таксама пра тое, якія высновы варта з гэтага зрабіць. На думку мясцовай газета Jornal de Notícias, у дадзеным выпадку недапушчальна абмяжоўвацца правядзеннем расследавання.
«Расследаванне, аб пачатку якога аб’явіла генеральная пракуратура і генеральная інспекцыя па пытаннях унутранай адміністрацыі, абсалютна неабходна і павінна быць даведзена да канца. Аднак гэтага недастаткова. Відавочна, што працэс адбору і навучання паліцыянтаў, а таксама нагляд за імі павінны быць больш строгімі, і ў гэтай сферы неабходна праводзіць пастаянныя праверкі і дамагацца паляпшэнняў. Прымаючы да ўвагі тое, якія задачы выконвае паліцыя і чые правы яна абараняе, не можа быць ніякіх сумневаў у тым, што на яе плячах ляжыць асаблівая адказнасць. Не павінна быць ніякіх прабачэнняў або папушчальніцтва ў дачыненні да паводзін, якія парушаюць прынцыпы Канстытуцыі», – заклікае партугальскае выданне.
***
Сусветная футбольная асацыяцыя ФІФА прыгразіла санкцыямі гульцам, якія выйдуць падчас ЧС па футболе ў Катары на поле з капітанскімі павязкамі з надпісам One Love. Некалькі каманд ужо заявілі, што адмовіліся выкарыстоўваць на чэмпіянаце гэты знак салідарнасці ў абарону правоў чалавека і разнастайнасці. Еўрапейская прэса канстатуе ганебныя паводзіны адразу на некалькіх франтах. Ірландская газета The Irish Times піша пра тое, што каманды, якія ўдзельнічаюць у турніры зусім не абавязаны трываць усё што заўгодна.
«Калі б Англія, Уэльс, Бельгія, Данія, Германія, Нідэрланды і Швейцарыя калектыўна адмовіліся выконваць гэтую забарону, то ФІФА была б выстаўлена пасмешышчам у тым выпадку, калі б дала арбітрам указанне вынесці папярэджанне ўсім гульцам, «якія праштрафіліся». На сусветнай арэне маюць значэнне ўчынкі. І гэта стала відавочным, калі іранская каманда адмовілася сьпяваць нацыянальны гімн у знак адкрытага пратэсту супраць нядаўніх рэпрэсіўных дзеянняў рэжыму ў сваёй краіне», – адзначае ірландскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array