ЧС. Японія гераічна перамагла Германію



Матч Германіі і Японіі безумоўна парадаваў яркімі фарбамі нейтральных фанатаў футболу. А сюжэт сустрэчы практычна поўнасцю паўтарыў сцэнар сенсацыйнага спаткання Аргенціны з Савудаўскай Арабіяй, калі нечакана выйгралі азіяты.

Гэтак жа сама ў першай палове фаварыты мелі вялізную перавагу, забілі мяч з пенальці (яшчэ адзін гол не залічылі з-за афсайду). А іх супернікі знаходзіліся ў цені і з цяжкасцю адбіваліся.

Ну а ў другім тайме надышоў час прадстаўнікоў краіны Узыходнага сонца. Яны ўсё часцей выбіраліся на чужую палову поля і паслядоўна ажыццяўлялі свой план. Бліскуча правёў сустрэчу галкіпер японцаў Сюіці Гонда. На адным адрэзку цягам 25 секунд ён здзейсніў ажно 4 (!) гераічныя сэйвы. Праз пару хвілін ратаваў сваю каманду ў супрацьлеглай браме ўжо Мануэль Нойер. Але і ён быў не ў сілах парыраваць дабіванне на 75-й хвіліне. Яшчэ праз восем абаротаў гадзіннікавай стрэлкі прарыў Асаны па правым фланце і хвосткі стрэл упрытык з штангай прывёў у экстаз усіх японскіх заўзятараў. Трэба дадаць, што ў зборнай Японіі вельмі ўдала спрацавалі ўсе замены, чаго не скажаш пра „бундэстым”.

У выніку нямецкая каманда не здолела адыграцца. Варта прыгадаць, што на мінулым першынстве Германія прайграла Паўднёвай Карэі, а зараз саступіла дысцыплінаванай Японіі. Што цікава, у баявым матчы не было паказана аніводнай (!) жоўтай карткі.

Германія – Японія – 1:2 (Гюндаган, 33, з пенальці; Рыцу Доан, 75, Асана, 83)

Беларускае Радыё Рацыя