«Бачная» – праект пра беларусак, якіх варта ведаць
«Бачная»: вас запрашаюць успомніць выбітных жанчын з гісторыі Беларусі.

Часам гісторыя – гэта гушчар, у якім губляюцца людзі ды іхныя дасягненні. Асабліва
часта ў гэтым лесе знікаюць жаночыя імёны. Чаму так адбываецца і хто тыя жанчыны ў
гісторыі Беларусі, якіх варта ведаць і памятаць, паспрабуе разабрацца праект «Бачная». Праект
падзеліцца гісторыямі выдатных беларусак мінулага і раскажа, чаму ў беларускай гісторыі і
публічнай сучаснасці так мала жаночых імёнаў.
У сваім вядомым эсэ мастацтвазнаўца і пісьменніца Лінда Нохлін задае пытанне: чаму не
было вялікіх мастачак? Гэтак жа можна спытаць пра вялікіх беларусак. Чаму ў гісторыі Беларусі
так мала жаночых імёнаў? Ці азначае гэта, што спрадвеку беларускі саступалі беларусам у розуме,
адвазе, амбіцыях ды іншых якасцях, якія здольныя зрабіць чалавека выбітным або, у нашым
выпадку, выбітнай. Можа, праблема мае іншыя прычыны?
У межах праекта «Бачная» вам распавядуць пра беларускіх жанчын, якія сваімі талентамі,
адвагай і працай заслужылі права называцца вялікімі. Нягледзячы на жыццё і станаўленне ў
грамадстве, дзе дасягненні – мужчынская прэрагатыва, яны здолелі на сваім прыкладзе паказаць,
што гендар не прадвызначае лёс чалавека, у адрозненне ад грамадскіх стэрэатыпаў і ўстановак. Вас
запрашаюць да дыскусіі аб тым, што менавіта сфармавала асобы выдатных беларусак і дазволіла
ім вырвацца з кайданоў патрыярхальнага парадку, а таксама аб тым, як сёння гендарныя
стэрэатыпы працягваюць уплываць на жанчын пры выбары і падчас прафесійнага ды творчага
шляху.
Падпісчыкаў і падпісчыц Instagram-акаўнта «Бачная» чакаюць публікацыі пра выдатных
жанчын з гісторыі Беларусі, аналітыка і інтэрактывы на тэму жаночай рэпрэзентацыі.
Паводле прэс-рэлізу