Параза немцаў і разгром Коста-Рыкі – чарговы дзень мундыяля
Футбалісты зборнай Бельгіі ў заключным матчы гульнявога дня чэмпіянату свету па футболе ў Катары дамагліся перамогі над камандай Канады з лікам 1:0.

Бронзавыя прызёры мінулага чэмпіянат свету здолелі забіць канадцам толькі адзін мяч – у канцы першай паловы гульні вызначыўся Мішы Батшуаі – 1:0. Віцэ-чэмпіёны планеты футбалісты зборнай Харватыі ў першай гульні квартэта F не змаглі адолець мараканцаў – нічыя 0:0. У групе Е чатырохразовыя чэмпіёны свету футбалісты Германіі сенсацыйна саступілі японцам з лікам 1:2, а зборная Іспаніі не пакінула шанцаў на поспех камандзе Коста-Рыкі – 7:0. Гаві забіў Коста-Рыцы ва ўзросце 18 гадоў і 110 дзён. Гэта трэці вынік у гісторыі ЧС пасля Пеле і Росаса. Праграма першага тура завершыцца сёння. У квартэце G пяціразовыя чэмпіёны планеты бразільцы згуляюць з сербамі, швейцарцы будуць супернічаць з камерунскай камандай. У групе H зборная Партугаліі сустрэнецца з футбалістамі Ганы, а ўругвайцы згуляюць са зборнай Рэспублікі Карэя.
Лідары гандбольнага чэмпіянату Беларусі атрымалі чарговыя перамогі
Лідары гандбольнага чэмпіянату Беларусі сярод мужчынскіх каманд святкавалі перамогі ў паядынках чарговага тура. Чэмпіён краіны „Мяшкоў Брэст” разграміў на сваёй арэне гасцей з гарадзенскага „Кронана” – 32:20. Галоўныя канкурэнты берасцейцаў у барацьбе за золата гандбалісты мінскага СКА не без цяжкасцяў адолелі свой фарм-клуб БДУФК-СКА з лікам 31:27. Гандбалісты „Гомеля” ў сябе дома ва ўпартай барацьбе перайгралі магілёўскі клуб „Машэка” – 29:28.
На жаночым першынстве чэмпіёнкі Беларусі гандбалісткі „Гомеля” без праблем абыгралі ў Віцебску мясцовую „Віцебчанку” 41:19. Гамяльчанкі набралі 16 ачкоў у дзевяці праведзеных сустрэчах, дагнаўшы лідараў турніру гандбалістак „БНТУ-БелАЗа”, якія згулялі на матч менш.
„Шахцёр” вярнуўся на першае месца ў беларускай экстралізе
У сераду трыма матчамі ў Менску, Віцебску і Гомелі працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі. Хакеісты „Шахцёра” ў гасцях адолелі „Віцебск” з лікам 2:0. Дзякуючы гэтаму поспеху салігорцы зноў узначалілі турнірную табліцу чэмпіянату краіны. Таксама ў сераду шостую вікторыю запар святкаваў „Гомель”, які дома быў мацнейшы за жлобінскі „Металург” – 3:2. У яшчэ адной сустрэчы „Юнацтва” на сваім лёдзе справілася з „Магілёвам” – 4:2.
Пасля 27 гульняў сезона „Шахцёр” мінімальна апярэджвае „Нёман” і „Гомель”, якія дзеляць другое месца.
Шаранговіч аддаў галявы пас, але „Нью-Джэрсі” прайграў „Таронта”
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” на сваёй пляцоўцы ўступіў „Таронта” з лікам 1:2. Беларускі форвард гаспадароў Ягор Шаранговіч на 55-й хвіліне запісаў у актыў галявы пас. Увогуле беларус правёў на лёдзе 15 хвілін 21 секунду, аддаў галявую перадачу, нанёс адзін кідок, атрымаў дзве хвіліны штрафу і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „0”. Між тым „Нью-Джэрсі” перапыніў працяглую серыю з 13 перамог запар. „Вашынгтон” на хатняй арэне ў авертайме абыграў „Філадэльфію” з лікам 3:2. Беларускі форвард гаспадароў Аляксей Протас правёў на пляцоўцы 6 хвілін 31 секунду, нанёс адзін кідок, выйграў адзін укід з двух і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „0”.
„Дынама” прыме маскоўскіх аднаклубнікаў у КХЛ
Хакеісты мінскага „Дынама” сёння завершаць чарговую хатнюю серыю ў рамках рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Супернікам падначаленых Вудкрафта стане маскоўскае „Дынама”. Мінчане падыходзяць да дэрбі не ў лепшым настроі – у пасіве беларускага клуба пяць паразаў запар. Зрэшты, тры апошнія сустрэчы „зубры” нязменна даводзілі да авертайму і дзякуючы набраным ачкам беларуская каманда захоўвае месца ў зоне плэй-оф Заходняй канферэнцыі: у мінчан 8-я пазіцыя і 35 балаў. Маскоўскія дынамаўцы да нядаўняга часу таксама мелі серыю з пяці няўдач, але ў двух папярэдніх паядынках святкавалі перамогі. На дадзены момант масквічы ідуць на Захадзе пятымі, маючы 41 ачко. Чарговае дынамаўскае дэрбі стартуе на „Мінск-Арэне” ў 19.10.
Беларускае Радыё Рацыя