На пасяджэнні ПА АБСЕ ў польскім парламенце не будзе прадстаўнікоў Расеі і Беларусі



Сёння ў польскім парламенце пачнецца сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе. Тэмай сустрэчы стане вайна ва Украіне і яе ўплыў на бяспеку еўрапейскага кантынента, а таксама роля АБСЕ і нацыянальных парламентаў.

Барбара Бартусь Фота: moszczenica.info

Кіраўнік польскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ Барбара Бартусь (Barbara Bartuś) з партыі «Права і справядлівасць» кажа, што будуць абмяркоўвацца таксама перспектывы аднаўлення Украіны. Дэпутат дадае, што на пасяджэнні Асамблеі ў польскім парламенце не будуць прысутнічаць прадстаўнікі Расеі і Беларусі. Гэтае рашэнне было прынятае па ўзгадненні з маршалкамі Сейму і Сенату. 

Барбара Бартусь таксама не выключае ўнясення зменаў у рэгламент Парламенцкай асамблеі арганізацыі. Яна тлумачыць, што гаворка ідзе пра магчымасць часовага прыпынення правоў члена дзяржавы-агрэсара, які не адпавядае правілам Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе. Палітык дадае, што цяпер такімі краінамі з’яўляюцца Расея і Беларусь.

Парламенцкая асамблея АБСЕ была створана ў 1992 годзе. Яе галоўная задача – спрыяць міжпарламенцкаму дыялогу для рэалізацыі задач АБСЕ. Членамі Асамблеі зʼяўляюцца 323 парламентарыі з 57 краін. 

Крыніца: Польскае Радыё

Array