ЧС. Польшча перамагла Савудаўскую Арабію

Польская рэпрэзентацыя дамаглася першай вікторыі за апошнія два мундыялі. Перамога над Савудаўскай Арабіяй далася вельмі цяжка, тым большая яе каштоўнасць. А сапраўдным героем сустрэчы стаў брамнік „бялэ-чэрвоных” Войцэх Шчэнсны, які не толькі парыраваў пенальці і дабітку, але і надзейна дзеіў цягам цэлай сустрэчы.
Лік у сустрэчы быў адкрыты на 39-й хвіліне, калі Пётр Зеліньскі скарыстаўся перадачай Левандоўскага і неадхільна трапна прабіў па браме. Гэта быў яго 10-ы гол за зборную і сама важны ў кар’еры. У канцоўцы тайма ў браму палякаў быў прызначаны спрэчны пенальці і тады надышоў зорны час галкіпера Шчэнснага.
У другім тайме саўдыты стварылі нямала вострых момантаў, але са зручных пазіцый білі пераважна у „малако”, аднойчы ў крытычнай сітуацыі мяч трапіў у Шчэнснага. Польшча адказала дзвюмя контратакамі – аднак пасля стрэлу Аркадзіуша Міліка мяч трапіў у папярэчыну, а пасля замыкання Левандоўскага – у штангу. І ўсё ж Роберт Левандоўскі зняў „праклён” чэмпіянатаў свету. Урэшце ён падпільнаваў памылку арабскага абаронцы, перахапіў мяч і ўдала завяршыў справу. Найлепшы бамбардзір у гісторыі Польшчы ледзь не праслязіўся, святкуючы падзею. Левандоўскі мог забіць яшчэ, але больш лік на табло не змяніўся.
Польшча – Савудаўская Арабія – 2:0 (Пётр Зеліньскі, 39, Роберт Левандоўскі, 82).
Пазней сёння ў гэтай групе будуць змагацца Аргенціна і Мексіка, пасля гэтага стане ясны расклад шанцаў на апошні тур.
Беларускае Радыё Рацыя