Энергетыкі працягваюць ліквідаваць наступствы непагоды ў Магілёўскай вобласці
У Магілёўскай вобласці энергетыкі працягваюць ліквідаваць наступствы снегападаў, якія абрынуліся на рэгіён у выходныя. Пра гэта распавёў першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер РУП «Магілёўэнерга» Аляксандр Шышоў.

Больш за ўсё ад непагоды пацярпелі восем раёнаў: Клімавіцкі, Касцюковіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі і Чэрыкаўскі.
Усяго за выхадныя адключылася 29 ліній сетак 35-110 кілавольт, 100 паветраных ліній (10 кілавольт) і паступіла 151 заяўка па сетках 0,4 кілавольта.
Пад адключэнні ў некаторых раёнах трапілі ўстановы аховы здароўя. Іх праца не была парушаная, так як адразу ж былі ўключаны дызельныя станцыі.
Застаюцца адключанымі яшчэ 67 участкаў па лініі 10 кілавольт. Работы па аднаўленні электразабеспячэння працягваюць весці 103 брыгады і 184 адзінкі тэхнікі.