Юбілей адзначае гарадзенская паэтка



3 снежня лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы, паэтка з Гародні Данута Бічэль адзначае юбілей – 85-годдзе.

Данута Бічэль

У 1993 годзе ў Менску выйшаў дзіцячы зборнік паэткі “Гараднічанка”. У зборнічак увайшлі вершы паэткі, напісаныя для дзяцей на працягу 20 гадоў. Але ж якія там патрыятычныя вершы! Цяпер такую кніжку з падобнымі вершамі не выпусціла б не адно выдавецтва Беларусі. Вось асобныя строфы:

-Дзе жывеш?

-У Гародні.

-Скуль твой бацька?

-З “Паходні”.

***

Габрынька і Габрусь

Малююць Беларусь:

Раку Дняпро і Сож

І дзетак басанож.

Малююць росны гай

І зайчыка ў гаі.

І любяць родны край

Мацней за ўсе краі.

***

І за плячыма

Наша Радзіма:

Кніга Скарыны,

Зорка Максіма.

Белыя коні

Крыўскай Пагоні

Мчацца ўгару

Праз Беларусь…

Першы зборнік, 1961 г.

Гэтыя радкі паэтка пісала для дзяцей. А для дарослых напісаны тысячы паэтычных строф на самыя розныя тэмы. Але найбольш вершаў з’явілася пра Беларусь, пра свой народ, пра гісторыю і патрыятызм. Многія творы прысвечаны вялікім асобам Бацькаўшчыны: Ларысе Геніюш, Адаму Станкевічу, Ніне Мацяш, Гальяшу Леўчыку, Максіму Багдановічу, Цётцы, Васілю Быкаву, Аляксею Карпюку, Уладзімінру Караткевічу, ды ўсіх пералічыць немагчыма.

Данута Бічэль і Яўгенія Янішчыц, 1969 г.

Чуйная да народнага слова, да ўсяго, што звязвае чалавека з роднай зямлёй і гордасцю за сваю Радзіму, Данута Бічэль па-ранейшаму застаецца вернай свайму народу. Яе тэмпераментнаму і сардэчнаму радку ўласцівы роздум над часам, над балявымі нервамі веку. Хораша ў яе паэтычных кнігах паўстае і адвечная тэма кахання, мацярынства, любові і дабра.Паэтка напісала і выдала дзесяткі кніг паэзіі і прозы, успамінаў і перакладаў:

Звеставанне – Божае пасланне

Арханёл Марыі абвясціў.

Будзе ў нас Хрыстова Звеставанне,

Толькі папасціцца трэба ўсім…

З юбілеем Вас, шаноўная Данута Янаўна! Здароўя Вам, дабра і шчасця!

Анатоль Іверс, жонка Ніна Паўлаўна,унучка Алена і паэтка Данута Бічэль, студзень, 1997 г.
Валянцін Акудовіч, Данута Бічэль і Аляксей Пяткевіч у вёсцы Якушоўка Свіслацкага раёна, 1998 г.

Беларускае Радыё Рацыя