ЧС. Зборная Нідэрляндаў – першы чвэрцьфіналіст турніру



На мундыялі дружына Нідэрляндаў, перамогшы з лікам 3:1 каманду ЗША, стала першым чвэрцьфіналістам турніру.

Героем сустрэчы бясспрэчна варта назваць Дэнзела Дзюмфрыса: ён зрабіў два асісты, забіў сам, а яшчэ аднойчы ўратаваў сваю каманду ад голу.

У самым дэбюце ў абароне „аранжавых” здарыўся правал, але Крысціян Пулішыч не скарыстаўся „дабрачыннасцю”. У цэлым Луіс ван Галь з памочнікамі тактычна перайгралі сваіх апанентаў. Лік хутка адкрыў Дэпай, а ў канцоўцы тайма Дэйлі Блінд завяршыў вельмі падобную камбінацыю.

Праменьчык надзеі з’явіўся ў амерыканцаў з выхадам на поле Хаджы Райта: спярша ён ледзь не даслаў мяч па прызначэнні, але Дзюмфрыс удала падстрахаваў партнёраў, а праз хвіліну мяч, трапіўшы ў пятку Райта, па неверагоднай траекторыі заляцеў у сетку еўрапейцаў. Самая маладая каманда чэмпіянату адразу кінулася ў рэйды па другі гол, але „аранье” вельмі хутка астудзілі запал супернікаў.

Нідэрлянды – ЗША – 3:1 (Мемфіс Дэпай, 10, Дэйлі Блінд, 45+1, Дэнзел Дзюмфрыс, 81; Хаджы Райт, 76)