ЧС. Аргенціна прабілася ў чвэрцьфінал



Аргенціна лічылася фаварытам сваёй пары ў 1/8 фіналу і ўрэшце прайшла бар’ер гэтай стадыі, але аўстралійскія футбалісты далі сапраўдны бой суперніку. Каманда, якая ледзь прабілася на мундыяль праз сіта адбору, у фінальнай стадыі паказала сябе найлепшым чынам. Прадстаўнікі „краіны кенгуру” пакідаюць турнір з высока ўзнятымі галовамі.

Ліанэль Месі праводзіў свой 1000-ы матч у кар’еры. Менавіта ён і адкрыў лік у сустрэчы. Гэта 9-ы гол супербамбардзіра на чэмпіянатах свету. Больш у гісторыі Аргенціны на мундыялях толькі ў Габрыэля Батыстуты – 10 мячоў.

У другім тайме авантурызм брамніка Аўстраліі Мэцью Раяна, які да гэтага і пасля дзеіў бездакорна, прывёў да другога голу. Але „соккеруз” не здаліся, адыгралі адзін мяч пасля магутнага стрэлу Гудвіна і рыкашэту, а ў канцоўцы маглі нават параўняць лік. Але далей ідзе усё ж Аргенціна.

Аргенціна – Аўстралія – 2:1 (Ліанель Месі, 35, Хуліян Альварас,57; Энца Фернандэс, 77, аўтагол).

У чвэрцьфінале „альбіселестэ” сустрэнецца з камандай Нідэрляндаў.

Беларускае Радыё Рацыя