Памёр Вітаўт Кіпель
Беларускі інстытут навукі і мастацтва паведаміў, што 3 снежня адышоў на вечны спачын яго шматгадовы старшыня доктар Вітаўт Кіпель. Спадар Кіпель быў адной з ключавых фігур беларускай эміграцыі, якая захоўвала беларускасць у вольным свеце ў часы існавання „жалезнай заслоны”, ён адзін з тых, хто арганізоўваў і накіроўваў інтэлектуальнае жыццё беларускай дыяспары. Яму было 95 гадоў.

Доктар Вітаўт Кіпель быў вядомым грамадскім дзеячам, даследчыкам гісторыі эміграцыі, геолагам, бібліёграфам. Нарадзіўся Вітаўт Кіпель 30 траўня 1927 года ў сям’і Яўхіма і Марыі Кіпеляў. Пасля арышту бацькі – маці з малым сынам выехала следам за ім у Расею ў высылку. Кіпелі змаглі вярнуцца ў Менск толькі ў 1942 годзе. А ў 1944 годзе сям’я зноў была вымушаная была ехаць у выгнанне, гэтым разам на Захад. Такім чынам у Беларусі Вітаўт Кіпель пражыў толькі восем гадоў свайго жыцця.

У 1955 годзе Вітаўт Кіпель пераехаў у ЗША. Працаваў у навукова-вытворчых фірмах, у Балтымарскім універсітэце (штат Мэрыленд). 3 1959 да 1985 гады займаў розныя пасады ў Даследчым цэнтры навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі (у тым ліку выканаўчага дырэктара). У 1962—1963 гадах беларус вучыўся ў Ратгерскім універсітэце (Нью-Джэрсі) па спецыяльнасці «бібліятэказнаўства».
У1960—1980-я гадах Вітаўт Кіпель супрацоўнічаў з Радыё «Свабода». Быў лідарам беларускага рэспубліканскага руху, старшынёй Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў (1972—1982). У 1974 годзе яго абіралі старшынёй Рэспубліканскай федэрацыі штата Нью-Джэрсі. Ён працаваў рэдактарам газеты нью-джэрсійскіх рэспубліканцаў «Heritage Review».
Вітаўт Кіпель быў заснавальнікам і дырэктарам беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі (1976—1979), старшынёй Этнічнай рады штата Нью-Джэрсі (1978—1982).
У1972 годзе наш суайчыннік быў у Вашынгтоне абраны на заступніка старшыні Нацыянальнай канфедэрацыі амерыканскіх этнічных групаў. Узнагароджаны медалём паняволеных народаў Эйзенхаўэра (1975). Ад 1982 года з’яўляўся дырэктарам Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў ЗША.
Вітаўт Кіпель з’яўляўся ведамым грамадскім дзеячам, даследнікам гісторыі эміграцыі, геолагам, бібліёграфам, аўтарам, сярод іншага, знакамітых “Беларусаў у ЗША” і, разам з жонкай Зорай Кіпель, адзінай на сёння “Бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе”, ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтру і Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябрам Вялікай рады “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” .
Беларускае Радыё Рацыя