У Полацку замазалі білборд з патрыярхам Кірылам



Як стала вядома «Нашай Ніве», гэта здарылася ў канцы лістапада.

Фота аддзела замежных сувязяў маскоўскай Патрыярхіі

Білборд з выявай кіраўніка Расейскай Праваслаўнай Царквы (РПЦ) замазалі фарбай. Лукашэнкаўцы праводзяць допыты і ператрусы, каб выявіць, хто гэта зрабіў. Патрыярх Кірыл — кіраўнік Царквы, якая ператварылася ў прывадны рамень кіруючых рэжымаў у Расеі і Беларусі. РПЦ выкарыстоўваецца таксама для стварэння ідэалагічнага абгрунтавання захопніцкай вайны ва Украіне.

76-гадовы патрыярх Кірыл (у міру Уладзімір Гундзяеў) быў у часы СССР агентам КДБ з псеўданімам «Міхайлаў». У 2009 годзе, у часы кіравання Уладзіміра Пуціна, Уладзімір Гундзяеў стаў патрыярхам. Яго вылучае любоў да раскошы: падчас паездкі ва Украіну на руцэ ў яго заўважылі гадзіннік за 30 тысяч даляраў. Калі гэта выклікала крытыку, прэс-служба патрыярхіі абвергла факт нашэння ім непатрэбна дарагога гадзінніка, выцерла яго на руцэ фоташопам, але забыла сцерці адлюстраванне гадзінніка на стальніцы.

Беларуская Праваслаўная Царква падпарадкоўваецца Маскоўскаму патрыярхату, які прызначае кіраўніка БПЦ.

Беларускае Радыё Рацыя