Валянцін Сельвясюк: У Вітаўта Кіпеля быў цэлы багажнік кніг



Са Злучаных Штатаў прыйшла сумная навіна – ва ўзросце 95 гадоў памёр Вітаўт Кіпель. Ён на працягу сарака галоў кіраваў Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, быў вядомым грамадскім дзеячам, даследчыкам гісторыі ў эміграцыі, бібліёграфам, пісьменнікам і публіцыстам.

Вітаўт Кіпель

Госць Рацыі – Валянцін Сельвясюк – прадпрымальнік, трэйдар рынку збожжа. Ён пазнаёміўся з доктарам Вітаўтам Кіпелем яшчэ напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Пра першае знаёмства і наступнае сяброўства з вядомым беларусам замежжа Сельвясюк згадвае ў размове з нашым карэспандэнтам Міколам Ваўранюком.

РР: Ці памятаеце, як адбывалася знаёмства, якое было ўжо даволі даўно?

Валянцін Сельвясюк: Так, гэта было даволі даўно, амаль 35 гадоў таму. Я прыехаў у Амерыку восенню 1988 года па запрашэнні як стыпендыят Фонду “Любачкі”. Я збіраўся працягваць сваё навучанне па гісторыі мастацтва, бо, зразумела, цікавіўся гісторыяй. З Вітаўтам Кіпелем пазнаёміўся даволі хутка, яму таксама было цікава пагутарыць са студэнтамі з другога боку жалезнай заслоны. Ён сам жыў нейкі час у камуністычнай краіне, яшчэ ў даваеннай Беларусі і добра ўсё разумеў.

Ён мяне добра ўразіў, па-першае, гэта энцыклапедыя ведаў, якой можна было скарыстацца. Пасля я хадзіў яшчэ ў бібліятэку, ён і яго жонка працавалі ў славянскім аддзеле, заўсёды дапамагалі, калі трэба было знайсці якія-небудзь матэрыялы.

У жыцці гэта быў вельмі вясёлы чалавек, любіў жартаваць, з ім было заўсёды цікава гаварыць.

РР: Давайце нагадаем, што гэта яшчэ быў той час, калі Савецкі саюз трымаўся, як нам здавалася, даволі моцна. Праўда, ужо ішла перабудова Гарбачова. Але нішто не паказвала, што праз год-два ўся гэтая, як нам здавалася, жалезная канструкцыя разваліцца, рассыплецца. Гэта яшчэ было да славутых З’ездаў беларусаў свету. Вітаўт Кіпель не бачыў Беларусі. Ён калі ў 1944 годзе ў семнаццацігадовым узросце пакінуў Беларусь, то ён яе да таго часу, пакуль вы з ім пазнаёміліся, роднай зямлі не бачыў.

Валянцін Сельвясюк: Ён не бачыў, так. Але тады ўжо прыязджалі госці з савецкай Беларусі, бо ўжо былі наладжаныя кантакты. Я вось памятаю, што прысутнічаў пры такіх нейкіх сустрэчах, у тым ліку, якія вёў Вітаўт Кіпель. Я вось памятаю такое цікавае здарэнне, якое мяне вельмі ўразіла і якое паказвае, які быў Вітаўт Кіпель.

Вітаўт Кіпель ездзіў на вялікай амерыканскай машыне, такія ў самой Амерыцы былі не вельмі модныя. У яго быў велізарны шэўрале, на якім ездзілі таксісты ў Нью-Ёрку. І аднойчы былі нейкія госці з Беларусі, і Вітаўт Кіпель ім вырашыў даць нейкія матэрыялы, кнігі, якія выдаваў Беларускі інстытут Беларусі і мастацтва. І мы падышлі разам да яго машыны, і ён адкрыў багажнік. Багажнік у гэтай машыны велізарны, можна было туды змясціць чалавека, а то і двух. Як у бандыцкіх фільмах, калі людзей запіхваюць у багажнік. А ў Вітаўта Кіпеля быў цэлы багажнік кніг. Гэта былі ўсе выданні Беларускага інстытута і мастацтва і многа яшчэ чаго. Велізарная колькасць кніг у багажніку яго машыны! І ён тады даваў іх вельмі ахвотна ўсім прыезджым з Беларусі., якія былі зацікаўленыя гэтым.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя