Англія ўпэўнена прайшла Сенегал
Футбольная дружына Англіі ў 1/8 фіналу чэмпіянату свету ўпэўнена адолела каманду Сенегала.
Афрыканцы маглі першымі дамагчыся поспеху, але брытанцаў выратаваў галкіпер Джордан Пікфард. Зыход сустрэчы быў прадвырашаны ўжо ў першым тайме, у якім вызначыліся два капітаны. Лік пасля ўзорнай камбінацыі адкрыў ліверпульскі верхаводнік Джордан Хендарсан, а ўжо ў даданы час яшчэ адну хрэстаматыйную шматхадоўку вынікова завяршыў лепшы бамбардзір мінулага мундыялю Хары Кейн. У капітана „трох ільвоў” цяпер 7 забітых мячоў на чэмпіянатах свету.
У міттэльшпілі „партыі” справу тэхнічна завяршыў Букаё Сака. Пасля гэтага сенегальцы канчаткова зняверыліся ў сваіх магчымасцях. А Пікфард запісаў у свой актыў ужо трэці „сухар” на турніры.
Англія – Сенегал – 3:0 (Хендэрсан, 38, Кейн, 45+3, Сака, 57).
У чвэрцьфінале Англія пазмагаецца з дружынай Францыі. Гэта будзе канцэптуальная бітва.
Беларускае Радыё Рацыя