Міжнародны дзень валанцёра



Па ініцыятыве ААН штогод 5 снежня адзначаецца як Міжнародны дзень валанцёра. Ён абвешчаны з галоўнай мэтаю – папулярызаваць дабрачыннасць, спрыяць павелічэнню ў краінах свету руху міласэрнасці ды павялічваць у людзей пачуццё ахвярнасці.

З гэтай нагоды наш карэспандэнт пацікавіўся ў жыхароў Пінска, як яны разумеюць паняцце “валанцёр”:

– Аказанне дапамогі людзям, якія ў ёй маюць патрэбу.  

– Для людзей, якія трапілі ў бяду, збіраюць рэчы, грошы.

– Калі шчыра, я расшыфроўку гэтага слова толкам не разумею. Проста рабі дабро, калі ў цябе ёсць магчымасць. Дапамагай, чым можаш. Чаму абавязкова ў грашах? Можа, камусьці трэба дапамагчы перайсці дарогу, можа, камусьці трэба сумку данесці.

– Калі ты бачыш, што хтосьці пакутуе і ты можаш яму дапамагчы, то абавязкова трэба гэта зрабіць.

– Дапамагаць. Стараемся дапамагаць старым людзям, а канкрэтна ў валанцёрскім руху – не.

Праграма дабрачыннага руху ААН абазначыла сёлетняе 5-е снежня дэвізам “Салідарнасць праз валанцёрства”. Сэнс у тым, каб падкрэсліць моц калектыўнай чалавечнасці, неабходнай для таго, каб дабіцца пазітыўных зменаў праз добраахвотніцтва.   

Беларускае Радыё Рацыя