Фестываль PRADMOVA анансаваў конкурс рукапісаў на беларускай мове



«Шуфлядка» — так будзе называцца конкурс рукапісаў, які з новага года запускае Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.

«Ніякіх абмежаванняў па ўзросце, гендары, месцы пражывання аўтараў няма; але рукапіс мусіць быць пададзены на беларускай мове. (Так, гэта азначае, што можна падаць свой арыгінальны твор у перакладзе на беларускую). Прыз пераможцам у намінацыях: дапамога ў выданні кнігі праз выдавецтва», — распавядаюць пра новую ініцыятыву арганізатары форуму.

Мэта конкурсу — падтрымаць аўтараў (і пачаткоўцаў, і тых, хто піша даўно), падвысіць цікавасць чытачоў і аўтараў да масавых жанраў, ды, натуральна, садзейнічаць публікацыі рукапісаў — з’яўленню новых кніг.

Конкурс мае адбыцца ў трох намінацыях:

дзіцячая і падлеткавая літаратура;

нон-фікш, гістарычная і дакументальная проза;

масавыя жанры – дэтэктыў, фэнтэзі, фантастыка, прыгоды.

Збор заявак аб’яўлены на студзень-люты 2023 года.

Наступныя этапы «Шуфлядкі»: у сакавіку — абвяшчэнне доўгага спісу ўдзельнікаў, у красавіку — кароткага спісу, вызначэнне лаўрэатаў — травень.

Падкрэсліваецца, што журы будзе чытаць рукапісы, не ведаючы, хто іх аўтар.

Сачыць за навінамі новай ініцыятывы можна ў сацсетках PRADMOVA.