Пра забароненую вясёлку
Вось цікава, а вясёлку цяпер у Расеі можна маляваць ці не? Бо ў Расеі з’явіўся закон аб поўнай забароне ЛГБТ-прапаганды.

Як вядома, сцяг колера вясёлкі з’яўляецца сімвалам ЛГБТ-супольнасці і руху ў абарону правоў чалавека ў адносінах да прадстаўнікоў ЛГБТ. А паколькі ў Расеі цяпер забароненая прапаганда нетрадыцыйных стасункаў, то пытанне: а што рабіць з вясёлкай. Вось намалюеш вясёлкі – і хтосьці палічыць гэта прапагандай і рэкламай ЛГБТ. Пачнеш захапляцца вясёлкай на небе пасля дажджу – таксама хтосьці палічыць гэта падтрымкай нетрадыцыйных стасункаў. А што цяпер рабіць з вершамі для запамінання паслядоўнасці колераў у вясёлцы? Гэта ж таксама можа быць палічанае прапагандай ЛГБТ.
Прапаганда ЛГБТ у Расеі забароненая цяпер у кіно, інтэрнэце, СМІ, кнігах і рэкламе. І гэта, канешне, самая вялікая праблема ў Расеі. Іншых жа праблем у краіне няма. Падумаеш, санкцыі. Падумаеш, паўсвету ненавідзіць. Падумаеш, вайну раскачалі. Падумаеш, сусветныя брэнды і кампаніі сыходзіць з краіны. Галоўнае, каб ЛГБТ-прапаганды не было. А калі хтосьці дазволіць сабе, то атрымае штраф.
Карацей, цяпер у Расеі вясёлку лепей не маляваць. У Расеі цяпер гэта ўсё пад забаронай. Хаця лепей бы вайну забаранілі і імперскае мысленне. Вось што прыносіць сапраўднае гора і няшчасці.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя